Малдова зрабіла жорсткую заяву супраць Расіі пасля выбуху дрона
- 10.08.2026, 11:24
- 1,202
Санду назвала інцыдэнт прамым наступствам агрэсіі Крамля.
Прэм'ер-міністр Малдовы Васіле Тофан і прэзідэнтка Мая Санду пракаментавалі выбух дрона паблізу населенага пункта Крокмаз у Штэфан-Водскім раёне краіны, паведамляе Newsmaker.
Прэм'ер пракаментаваў падзенне дрона 9 жніўня, падзякаваўшы выратавальнікам і пажарным за аператыўнае ўмяшанне.
«Добра, што дрон трапіў у дрэва, а не ў дом. Той факт, што мы знаходзімся па-за зонай вайны, на жаль, нас не абараняе. Ахвяр няма, пажар хутка ліквідавалі. Дзякуй нашым паліцэйскім і службам рэагавання, якія аператыўна лакалізавалі ўзгаранне. Гэту вайну адчуваем мы ўсе. Мы ведаем, хто агрэсар. Я асуджаю гэтую вайну. Яна закранае і нас. Усё, чаго я жадаю, — каб яна як мага хутчэй скончылася», — падкрэсліў Тофан.
Кіраўнік урада запэўніў, што ўлады прымуць неабходныя меры, але не ўдакладніў, якія менавіта.
Прэзідэнтка апублікавала сваё паведамленне ў сацсетках 10 жніўня. «Я рашуча асуджаю апошняе парушэнне нашай паветранай прасторы. Гэта прамое наступства расійскай агрэсіі, і гэта пагражае нам усім. Рызыка для жыцця людзей у нашым рэгіёне рэальная і расце. Гэта павінна спыніцца», — заклікала яна.
Нагадаем, удзень 9 жніўня ў паліцыю Штэфан-Водэ паступіла паведамленне пра магутны выбух у раёне населенага пункта Крокмаз. Пазней раённы савет Штэфан-Водэ апублікаваў фота аб'екта, падобнага да дрона, які ўпаў на ўскраіне вёскі.
У паліцыі ўдакладнілі, што БПЛА такога тыпу ўпершыню заляцеў на тэрыторыю краіны. Паводле звестак праваахоўнікаў, дрон урэзаўся ў дрэва і выбухнуў на вышыні 2,5 м, таму абломкі апарата разляцеліся на вялікую плошчу, пашкодзіўшы размешчаныя побач дамы.
Праваахоўнікі пацвердзілі, што падчас выбуху і пажару ніхто не пацярпеў. Дрон выбухнуў у лясапаласе па-за межамі населенага пункта. Выбух выклікаў моцны пажар, а абломкі апарата пашкодзілі дахі і прыбудовы некалькіх жылых дамоў.