Пасля ўдараў па Wildberries расіяне шукаюць склады ў Беларусі
1- 12.08.2026, 20:40
Мінэканомікі збірае звесткі пра буйныя лагістычныя пляцоўкі.
Мінэканомікі Беларусі шукае невыкарыстоўваныя склады або пляцоўкі для будаўніцтва новых лагістычных цэнтраў. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» са спасылкай на службовы дакумент ведамства.
«З улікам зацікаўленасці расійскага боку ў выкарыстанні або будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі складскіх і лагістычных цэнтраў», — так Міністэрства эканомікі ў спецыяльным лісце абгрунтавала просьбу падаць інфармацыю пра незанятыя склады плошчай больш за 10 тысяч кв. метраў.
Таксама ведамства шукае пляцоўкі для будаўніцтва такіх цэнтраў з магчымасцю падвесці да іх неабходную інфраструктуру.

Адпаведныя звесткі павінны прадставіць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, абласныя выканкамы і арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду.
Кампанія Wildberries у лісце не згадваецца, аднак «зацікаўленасць расійскага боку» можа сведчыць пра тое, што памяшканні шукаюць менавіта для гэтага маркетплэйса.

Раней дзяржаўныя СМІ са спасылкай на кіраўніцтва індустрыяльнага парку «Вялікі камень» паведамлялі, што кампанія паскорыла будаўніцтва свайго лагістычнага цэнтра пад Мінскам плошчай 140 тысяч кв. метраў з улікам «тых абставін, якія складаюцца на тэрыторыі Расіі». Праўда, у Wildberries спешку абвяргалі: «Будаўніцтва нашых складскіх аб’ектаў ідзе ў планавым рэжыме».
У Расіі лагістычныя хабы кампаніі падвяргаюцца сістэматычным ударам украінскіх беспілотнікаў. Паводле розных падлікаў, былі знішчаныя або пашкоджаныя каля 20 складоў у розных рэгіёнах краіны, а таксама ў анексаваным Крыме. Апошняя атака на склад Wildberries адбылася ў ноч на 11 жніўня ў Варонежскай вобласці.