У Сірыі прысудзілі да пакарання смерцю стрыечнага брата Башара Асада
2- 18.08.2026, 21:49
- 1,156
Яго прызналі вінаватым у масавых забойствах, катаваннях, а таксама ў злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах.
Суд у Дамаску вынес смяротны прысуд Васіму аль-Асаду — стрыечнаму брату зрынутага дыктатара Сірыі Башара Асада. Яго прызналі вінаватым у серыі масавых забойстваў, катаваннях, а таксама ў злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах. Пра гэта 18 жніўня паведаміў France24.
Паводле даных следства, падчас грамадзянскай вайны Васім аль-Асад сфармаваў дзве ўзброеныя групоўкі, якія ўчынялі крывавыя расправы ў ваколіцах сірыйскай сталіцы. Акрамя таго, яго асудзілі за распальванне міжканфесійнай варожасці і незаконнае пазбаўленне волі.
У той жа час абвінавачанне ў кантрабандзе наркотыкаў з яго знялі праз недахоп даказаў.
Яго затрымалі падчас спецыяльнай аперацыі на сірыйска-ліванскай мяжы. Нягледзячы на тое, што ён не займаў афіцыйных дзяржаўных пасад, яго лічылі ўплывовай фігурай: у 2023 годзе ЗША ўвялі супраць яго санкцыі за кіраўніцтва ваенізаванымі фарміраваннямі і ўдзел у рэгіянальным наркатрафіку.
Прысуд у дачыненні да аль-Асада стаў першым вочным судовым рашэннем такога ўзроўню. За тыдзень да гэтага сірыйскі суд завочна прысудзіў да пакарання смерцю самога Башара Асада, які ў снежні 2024 года ўцёк у Расію, а таксама яго брата Махера і некалькіх вышэйшых вайсковых чыноўнікаў былога рэжыму.