Турцыя і Ірак падстрахаваліся на выпадак чарговых нечаканасцяў у Армузскім праліве
- 2.08.2026, 9:07
- 2,374
Гэта рашэнне павінна захаваць альтэрнатыўны маршрут паставак нафты на сусветныя рынкі.
Турцыя і Ірак дамовіліся працягнуць яшчэ на год дзеянне пагаднення аб нафтаправодзе Кіркук-Джэйхан, якое забяспечвае экспарт іракскай нафты ў Міжземнае мора. Гэта рашэнне павінна захаваць альтэрнатыўны маршрут паставак на сусветныя рынкі ва ўмовах рызык для суднаходства праз Армузскі праліў.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Паводле звестак агенцтва, бакі ўзгаднілі часовае падаўжэнне дзеяння пагаднення, якое скончылася 27 ліпеня. Чакаецца, што новы дакумент уступіць у сілу заднім чыслом з даты заканчэння папярэдняга пагаднення, якое дзейнічала 53 гады.
Падчас перамоваў транспартаванне нафты па нафтаправодзе не спынялася.
Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства нафты Ірака Саліма аль-Рыкабі, новая дамоўленасць дазваляе зарэзерваваць экспартныя магутнасці да 750 тысяч барэляў нафты ў суткі.
У той жа час ён удакладніў, што фактычныя аб'ёмы паставак будуць залежаць ад сітуацыі з бяспекай, поўнага аднаўлення здабычы на радовішчах Іракскага Курдыстана і завяршэння будаўніцтва неабходнай інфраструктуры.
Чаму маршрут стаў стратэгічным
Нафтаправод даўжынёй 986 кіламетраў злучае іракскі Кіркук з турэцкім міжземнаморскім портам Джэйхан.
Як адзначае Bloomberg, падаўжэнне пагаднення забяспечвае стабільны экспарт іракскай нафты па альтэрнатыўным маршруце, што асабліва важна на фоне перабояў з пастаўкамі праз Армузскі праліў, выкліканых вайной з Іранам.
Міністр энергетыкі Турцыі Алпарслан Байрактар пацвердзіў прапускную здольнасць нафтаправода ў сваёй публікацыі ў сацсетцы X, у той час як турэцкае Міністэрства энергетыкі афіцыйных каментароў не прадставіла.
Турцыя інвестуе ў здабычу ў Кіркуку
Часовае пагадненне было заключана пасля таго, як Турцыя ўзмацніла інвестыцыі ў энергетычны сектар рэгіёна.
Дзяржаўная кампанія Turkiye Petrolleri AO (TPAO) абвясціла пра набыццё 15% акцый BP Energy Company of Kirkuk Limited — кансорцыума, што займаецца рэканструкцыяй нафтавых і газавых радовішчаў у Кіркуку. Фінансавыя ўмовы пагаднення бакі не раскрываюць.
Акрамя таго, Ірак будуе новы трубаправод ад Басры да Кіркука, які пасля ўводу ў эксплуатацыю павінен павялічыць магчымасці экспарту па маршруце ў Джэйхан.