Навукоўцы абверглі большасць адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі
1- 27.08.2026, 14:18
- 1,074
Паміж двума паламі больш агульнага, чым мы думалі.
Навукоўцы выявілі, што большасць навуковых прац, якія заяўляюць пра адрозненні паміж паламі, насамрэч не падаюць карэктных даказаў: у многіх з іх мужчын і жанчын проста не параўноўвалі наўпрост. Праца апублікаваная ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS).
Даследнікі прааналізавалі 200 артыкулаў 2019–2023 гадоў, у загалоўках або высновах якіх гаварылася пра залежнасць эфекту ад полу. Аказалася, што менш чым у чвэрці з іх было праведзена карэктнае статыстычнае параўнанне палоў, а больш чым у палове яго не было наогул, нягледзячы на гучныя заявы.
Найгорш сітуацыя была ў нейранавуцы, дзе карэктную статыстыку прыводзілі толькі 18% прац, тады як у псіхалогіі паказчык быў вышэйшы — каля 39%. Пры гэтым некарэктная метадалогія не перашкаджала публікацыям выходзіць у прэстыжных часопісах і не зніжала іх цытуемасць.
Тыповая памылка, якую выявілі аўтары, — падзяліць выбарку на падгрупы паводле полу і аналізаваць іх асобна замест прамога параўнання. Такі падыход зніжае статыстычную магутнасць і можа «знаходзіць» адрозненні там, дзе іх няма. Паказальна, што толькі дзве з 200 прац былі загадзя зарэгістраваныя, — то-бок высновы часцей за ўсё з’яўляліся ўжо падчас аналізу даных.
Колькасць заяваў пра «палавыя адрозненні» ў нейранавуцы за два дзесяцігоддзі вырасла больш чым у пяць разоў, а каб дапамагчы навукоўцам правяраць такія сцвярджэнні, каманда стварыла спецыяльны анлайн-інструмент. Аўтары падкрэсліваюць: гаворка не пра тое, што адрозненняў паміж паламі няма, а пра тое, што іх трэба карэктна даказваць. Інакш, папярэджваюць навукоўцы, у навуцы і медыцыне замацоўваюцца мнімныя адрозненні, якія могуць уплываць на дыягностыку і лячэнне.