Памёр беларускі мастак Уладзіслаў Стальмахоў
- 27.08.2026, 15:23
Апошнія гады ён жыў у Варшаве.
Не стала выбітнага беларускага мастака Уладзіслава Стальмахова, які апошнія гады жыў пад Варшавай. Пра гэта паведамілі блізкія выбітнага беларуса ў сацсетках.
Стальмахоў нарадзіўся ў 1970 годзе. Яго шлях у мастацтва быў нетыповы для прафесійнага мастака: ён скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, а падчас вучобы працаваў мастаком-афармляльнікам, паралельна атрымліваючы мастацкую падрыхтоўку.

З 1991 года Стальмахоў пачаў удзельнічаць у неафіцыйных мастацкіх выставах у Мінску і Віцебску, а з канца 1990-х гадоў стаў актыўна выстаўляцца персанальна. За сваю кар’еру ён правёў больш за два дзясяткі персанальных выстаў, а яго работы дэманстраваліся не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Люксембургу, Швейцарыі, Даніі, Швецыі, Расіі, а пазней — у Польшчы і Францыі.

Творчасць Стальмахова часта адносяць да прымітывізму, хоць гэтае азначэнне адлюстроўвае толькі частку яго мастацкага метаду. Мастак свядома карыстаўся мовай наіўнага мастацтва — свядома парушаў рэалістычныя прапорцыі і перспектыву, надаючы сваім персанажам падабенства да герояў казак і гарадскога фальклору.

Стальмахоў таксама быў сярод тых, каго закранулі палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі: 8 лістапада 2020 года падчас пратэстаў у Мінску яго затрымалі разам з дачкой, дызайнеркай Насцяй Стальмаховай, і прысудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага мастак прыняў рашэнне пакінуць краіну.


