28 жнiўня 2026, Пятніца, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш за 100 тысяч расіян выехалі ў Грузію за тыдзень

1
Больш за 100 тысяч расіян выехалі ў Грузію за тыдзень

Грамадзяне РФ баюцца мабілізацыі.

Калі восенню 2022 года расіяне масава ўцякалі з краіны пасля абвяшчэння мабілізацыі Уладзімірам Пуціным, дык цяпер на фоне чутак пра яе паўтор яны пачалі з’язджаць загадзя.

За мінулы тыдзень каля 113 тысяч расіян перасеклі памежны пункт Верхні Ларс з Грузіяй — адной з нешматлікіх краін, куды можна трапіць па сушы без візы, адзначае Politico. 20 жніўня праз памежны пераход прайшло больш за 20 тысяч чалавек, што «значна перавышае» паказчыкі мінулых гадоў, адзначала Федэральная мытная служба Расіі. Тага ж дня пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Нябензя заявіў, што мабілізацыя «не плануецца і не чакаецца». Аналагічным чынам ён заяўляў, што ніякага ўварвання ва Украіну не будзе: так, 31 студзеня 2022 года Нябензя назваў заявы заходніх краін пра падрыхтоўку нападу «беспадстаўнымі і правакацыйнымі».

Праваабарончая арганізацыя «Школа прызывніка» фіксуе рост колькасці зваротаў па дапамогу ад мужчын прызыўнога ўзросту, «пераважна з ліку ваеннаслужачых запасу», распавёў Politico яе кіраўнік Аляксей Табалаў. Паводле ягоных слоў, апошнімі месяцамі ўлады актыўна збіраюць персанальныя даныя рэзервістаў праз іх працадаўцаў, «нават высвятляюць адрасы іх сваякоў», каб шукаць у выпадку ўхілення. Пакуль жа такіх мужчын выклікаюць у ваенкаматы і выдаюць накіраванні, дзе пазначана, у якую часць яны павінны з’явіцца ў выпадку прызыву на службу.

Гэта стварае падмурак для больш аператыўнага і схаванага набору людзей у войска, нават калі афіцыйна мабілізацыя абвешчаная не будзе, лічыць Табалаў:

«Дастаткова проста даслаць, скажам, 10 аўтобусаў на пэўны металургічны завод і забраць загадзя агавораную колькасць канкрэтных людзей проста з працоўных месцаў: “Пятроў, Іваноў, Сідараў — калі ласка, садзіцеся ў аўтобус”, — і потым ён адправіцца на вайсковую базу».

Крэмлю ўсё цяжэй наймаць на вайну кантрактнікаў, кажа юрыст з арганізацыі «Призыв к совести», якая дапамагае рэалізаваць права на адмову ад вайсковай службы з прычыны перакананняў. Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, у апошнія месяцы расійскія страты на фронце перавышаюць 30 тысяч чалавек у месяц, даходзячы нават да 40 тысяч. Пры гэтым наймаць у войска больш за 30 тысяч у месяц сёлета практычна не ўдаецца, у некаторыя месяцы паказчык падаў да 27 тысяч.

Таму «з вясны цікавасць урада да рэзервістаў рэзка ўзрасла», канстатуе юрыст з «Призыв к совести».

Рэзервісты — гэта ў асноўным мужчыны ва ўзросце да 55 гадоў, якія прайшлі абавязковую вайсковую службу. У 2022 годзе тагачасны міністр абароны Сяргей Шайгу ацэньваў іх колькасць прыкладна ў 25 млн чалавек. «Звычайна гэта людзі, якіх з найбольшай верагоднасцю прызавуць у выпадку мабілізацыі», — кажа Табалаў.

На гэтым фоне федэральныя ўлады прымушаюць рэгіёны весці адміністрацыйную і арганізацыйную падрыхтоўку да мабілізацыі, адпрацоўваць працэдуры прызыву, размяшчэння, харчавання і ўзбраення мясцовых жыхароў.

А ў ліпені кіраўніцтва Расгвардыі прапанавала папраўкі да ведамаснага загаду, які абавязвае загадзя рыхтаваць асабовы склад, аб’екты і маёмасць да абароны ад небяспек, замяніўшы фармулёўку «пры ваенных канфліктах і надзвычайных сітуацыях» на «перыяды мабілізацыі, ваеннага становішча і ваеннага часу».

Расіяне сталі пакідаць краіну загадзя, бо цяпер пры накіраванні электроннай павесткі выкліканаму на службу аўтаматычна забараняецца выезд за мяжу, нават калі ён не звярнуў на яе ўвагі.

Яшчэ адным «пунктам прыёму» ўцекачоў ад мабілізацыі можа стаць Арменія, як гэта ўжо было восенню 2022 года. Ерэван не будзе перашкаджаць тым, хто пажадае пазбегнуць адпраўкі на ўкраінскі фронт, сказаў тэлеканалу «Дождь» сакратар Савета бяспекі Арменіі Ален Сіманян. «Рускаму чалавеку магу сказаць толькі адно: “Сардэчна запрашаем у Арменію”. Тут мы ўсіх любім, усіх паважаем. І яны тут знойдуць усё тое, што хацелі знайсці, прыехаўшы ў Арменію. І вернуцца назад у Расію, калі ім будзе зручна», — адзначыў ён.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках