Беларускі гандаль чакае шок
3- 28.08.2026, 18:07
- 1,958
Імпарт выціскаюць з паліц.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўсё ж такі вырашыла выканаць не відавочны нарматыў па долі айчыннай прадукцыі на паліцах крам, піша planbmedia.io.
Увесь абавязковы таварны асартымент павінен быць забяспечаны беларускімі таварамі (прывітанне імпарту з дружалюбных краін). У выпадку з гіпермаркетамі десяткі найменняў па адной пазіцыі давядзецца забяспечваць айчыннымі прадуктамі і вырабамі. Ад ёгуртаў і макарон да тапак і гузікаў.
Выстаўляй айчыннае
Змены ў пастанову МАРТ «Аб пераліках тавараў» прыняты не проста так, а ў мэтах нацыянальнай бяспекі.
МАРТ нагадвае, што згодна з Дактрынай нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года 80–85% уласнай вытворчасці — «аптымістычны ўзровень». Па выніках першага паўгоддзя 2026 г. доля была далёкая ад аптымістычнага. Яна вырасла на 0,1 працэнтнага пункта да 54,6%. Хоць расці ёй належыць значна хутчэй — да 58% па выніках бягучага года. Новае рашэнне ў МАРТ назвалі часовым. Але канкрэтныя тэрміны агучваць не сталі.
Вырашылі зайсці з боку пералікаў. У іх указана абавязковая колькасць разнавіднасцяў тавараў для розных тыпаў крам. У буйным гіпермаркеце, напрыклад, трэба забяспечыць 35–40 пазіцый кісламалочных прадуктаў, 45–50 пазіцый ёгуртаў, 9 відаў макаронных вырабаў, па 40 відаў вараных і вэнджаных каўбас.
Такі падыход да рэгулявання гандлю ў Беларусі не новы. Да канца 2021 года ўсталяваны мінімум разнавіднасцяў тавараў пэўнай групы належала фарміраваць пераважна за кошт прадукцыі айчыннай вытворчасці. Але пасля прэтэнзій з боку ЕЭК, піша НЭГ, якая палічыла, што гэтае патрабаванне тармозіць продаж у Беларусі тавараў іншых краін ЕАЭС, у пастанову № 74 унеслі змены.
Тавары з Беларусі і ЕАЭС атрымалі роўныя правы на паліцы.
Апусцела без цябе…
Гандаль ад надыходзячых змен, падаецца, не ў захапленні. А вось вытворцы ажывіліся, піша Office Life па выніках семінара, што прайшоў у МАРТ.
Першае пытанне ад МАРТ — да «Белдзяржхарчпрама»: ці змогуць яны забяспечыць патрэбную колькасць тавараў для ўмоўна самай вялікай па плошчы крамы, у якой і пералік найменняў будзе самым доўгім? Намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч у якасці прыкладу ўзяла фруктовыя і агароднінныя пюрэ для дзіцячага харчавання. У краме плошчай 8 тыс. «квадратаў» іх павінна быць ад 90 да 100 разнавіднасцяў.
У канцэрне запэўніваюць, што цалкам магчыма: маўляў, цяпер 80% паліцы і так — айчынная прадукцыя.
З алеямі ўжо складаней. У самай буйной краме павінна быць мінімум 25 відаў расліннага алею, у тым ліку пяць — рапсавага. У канцэрне запэўніваюць, што магутнасцяў хапае, каб закрыць асартымент сланечнікавым, больш актыўна будуць прапаноўваць рапсавы, а таксама купажы. Калі спажывец прывык да аліўкавага, гарбузовага і падобных алеяў, могуць узнікнуць пытанні.
Сёння ў гандлі на паліцы з расліннымі алеямі 50% — сланечнікавага алею, 30% — аліўкавага, на іншыя беларускія алеі прыпадае 15%, яшчэ 5% — на іншыя.
«Белдзяржхарчпрам» упэўнены, што паліцы не апусцеюць.
Важнай пазіцыяй для абмеркавання сталі макароны. Недружалюбную італьянскую прадукцыю ў Беларусі забаранілі, але імпарт з Расіі расце. Мінсельгасхарч запэўнівае, што магутнасці нашых прадпрыемстваў могуць забяспечыць павелічэнне долі айчынных макаронных вырабаў да 80%.
«А для спажыўцоў макаронных вырабаў групы А, то-бок з цвёрдых сартоў, дастаткова вытворчых магутнасцяў?» — удакладніла Святлана Караткевіч. Яе запэўнілі, што над гэтым працуюць і доля будзе расці.
Рашэнню МАРТ радуецца і «Беллегпрам». Хоць і тут ёсць праблемныя пазіцыі. І ў першую чаргу — ясельны і дзіцячы абутак.
Добрая спроба, але не
Мінпрам прапануе ўключыць у асартыментны пералік айчынную камп’ютарную тэхніку — планшэты і ноўтбукі. Магчымасці цяпер абмяркоўваюцца. У МАРТ узнікла пытанне па буйной бытавой тэхніцы: халадзільніках, пральных машынах, мікрахвалёўках, тэлевізарах. Доля прадукцыі айчынных кампаній на рынку знізілася. У тым ліку — за кошт шэрага імпарту. Нясертыфікаваную прадукцыю з паліц абяцаюць прыбраць. А там і доля айчыннага падрасце.
Відавочна, што вытворцы спрабуюць з такой ініцыятывы выціснуць максімум. Напрыклад, лідская «Лакафарба» прапаноўвала ўнесці рэкамендацыі, каб з колькасці разнавіднасцяў некаторых эмаляў і фарбаў доля ад вытворцы з дзяржаўнай формай уласнасці была не менш як 50%. Маўляў, няхай на паліцах будзе не проста сваё, а зусім сваё, то-бок дзяржаўнае
«Не, мы на гэта не пойдзем. Для нас усе вытворцы краіны аднолькавыя. І доля ўласнасці — гэта няправільна. Рынак павінен канкураваць нават унутры краіны. І калі мы будзем перагінаць і змяняць падыходы, гэта ў першую чаргу няправільна ў адносінах да бізнесу», — адказалі ў МАРТ.
І на тым дзякуй.