Падлетак скочыў у ваду з пірса, ударыўся галавой аб дно і не змог самастойна ўсплыць
- 3.08.2026, 2:49
Ён у рэанімацыі.
У Шчучынскім раёне 1 жніўня падлетак атрымаў цяжкія траўмы, нырнуўшы ў месцы, забароненым для купання, паведамляе АСВОД.
Экскурсійная група дзяцей у суправаджэнні дарослых прыехала на бераг вадаёма ў вёсцы Ішчэлна. Дзецям забаранілі купацца, бо вадаём не прызначаны для купання, пра што папярэджваюць усталяваныя забараняльныя знакі. Аднак пакуль дарослыя гатавалі абед, трое падлеткаў без ведама суправаджальнікаў пайшлі да пірса.
«Адзін з хлопчыкаў 2011 года нараджэння скочыў у ваду з пірса, ударыўся галавой аб дно і не змог самастойна ўсплыць. Яго сябры адразу пачалі зваць на дапамогу. Дарослы, які знаходзіўся паблізу, кінуўся ў ваду, выцягнуў падлетка з глыбіні амаль двух метраў і да прыбыцця брыгады хуткай дапамогі праводзіў сардэчна-лёгачную рэанімацыю, дыханне ўдалося аднавіць», — паведаміў АСВОД.
Падлетка даставілі ў аддзяленне рэанімацыі. Яго стан застаецца цяжкім.