СМІ: Латвія не будзе закрываць мяжу з Беларуссю
- 4.08.2026, 18:30
Балтыйская краіна размесціць там сілы НАТА.
Урад Латвіі не стане закрываць адзіны дзеючы пункт пропуску на латвійска-беларускай мяжы «Патэрніекі» («Грыгораўшчына» з беларускага боку), як прапаноўвала МУС краіны. Але дзеля барацьбы з нерэгулярнай міграцыяй на час вучэнняў Baltic Trust 26 размесціць каля мяжы ваенныя сілы саюзнікаў па НАТА, піша LSM.
Прэм'ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс заявіў, што ў жніўні ведамствы ўнутраных спраў і абароны зробяць істотныя прэвентыўныя крокі, каб максімальна абмежаваць паток нерэгулярных мігрантаў на мяжы, якая адначасова з'яўляецца і знешняй мяжой Еўрапейскага саюза.
Паводле LSM, прэм'ер падкрэсліў: дзеля забеспячэння бяспекі дзяржавы ўрад разглядае ўсе магчымыя варыянты вырашэння праблемы нелегальнай міграцыі. То-бок закрыццё «Патэрніекі» — адзін з варыянтаў, хоць цяпер урад яго не зацвярджае, «бо паток нелегальнай міграцыі ідзе не ў канкрэтным пункце перасячэння мяжы, а па-за ім».
На пытанне, наколькі эканамічныя меркаванні ўплываюць на рашэнне пакуль не закрываць «Патэрніекі», прэм'ер адказаў, што пытанне бяспекі першаснае.
Кіраўнік МУС Яніс Домбрава, які напярэдадні прапанаваў поўнасцю закрыць мяжу з Беларуссю, заявіў, што прыпыненне працы канкрэтнага памежнага пункта — адзін з варыянтаў дзеянняў.
«Гэтае пытанне цяпер не ўключана ў парадак дня, але гэта адзін з некалькіх варыянтаў, з якімі мы можам рухацца наперад», — дадаў Домбрава.
Кажучы пра тое, пры якіх абставінах урад мог бы вярнуцца да гэтага пытання, міністр адзначыў: у іншых краінах падобныя рашэнні прымаліся, калі праблемы ў пунктах памежнага кантролю абвастраліся. Таму ў падобнай сітуацыі, паводле яго слоў, рашэнне аб закрыцці памежнага пункта можа быць прынята хутка.
Нагадаем, увечары 31 ліпеня стала вядома, што Латвія закрыла мяжу з Беларуссю «па тэхнічных прычынах».
«Мяжа паміж Латвіяй і Беларуссю зачынена па тэхнічных прычынах. Тым, хто яшчэ не вярнуўся ў Латвію, мы рэкамендуем скарыстацца іншымі маршрутамі», — гаварылася ў паведамленні кіраўніка МУС краіны.
Днём раней Домбрава заклікаў суайчыннікаў адмовіцца ад запланаваных паездак у Беларусь або вярнуцца, калі яны ўжо там знаходзяцца.
На сайце латвійскай памежнай службы змешчана папярэджанне пра тое, што назіраюцца тэхнічныя збоі ў працы інфармацыйных сістэм, памежны кантроль цяпер немагчымы, «прычыны і магчымыя тэрміны вырашэння праблем пакуль не ясныя».
Заўважым, што Латвія з'яўляецца адным з маршрутаў нерэгулярных мігрантаў, якія прарываюцца з Беларусі ў Еўрапейскі саюз. З пачатку года было прадухілена незаконнае пранікненне больш як 9100 чалавек. Звычайна штодня мяжу штурмуюць дзясяткі парушальнікаў. Паказчыкі Літвы і Польшчы па спыненых на мяжы на парадак ніжэйшыя.