У Беларусі ўвялі новыя правілы наведвання пагранічнай зоны
- 6.08.2026, 16:15
- 1,146
Змены ўступілі ў сілу 6 жніўня.
Пашыраны пералік дакументаў, якія дазваляюць наведаць пагранічную зону. З 6 жніўня ў пералік дадалі пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, студэнцкі білет і білет навучэнца, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.
Змены датычацца як беларусаў, так і замежнікаў, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне.
Акрамя таго, цяпер дазваляецца транзітны праезд без прапуска да месца жыхарства або знаходжання ў пагранічнай паласе.
Наяўнасць прапускаў больш не будуць правяраць пры продажы квіткоў на аўтобусы ў населеныя пункты, размешчаныя ў межах пагранічнай зоны або пагранічнай паласы.
«Ажыццяўленне гаспадарчай і іншай дзейнасці ва ўнутраных водах Рэспублікі Беларусь (водах рэк, азёр і іншых паверхневых водных аб’ектаў, берагі якіх поўнасцю належаць Рэспубліцы Беларусь) у межах пагранічнай зоны магчыма без дазволу органаў пагранічнай службы», — паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.
Таксама закон пашырыў паўнамоцтвы пагранічнікаў адносна блакіроўкі колаў аўтамабіляў, незаконна пакінутых у пагранічнай зоне і паласе.