Фёдараў заявіў, што перадаў Хмары свой план вядзення вайны
- 6.08.2026, 22:17
- 1,528
План прадугледжвае тры ключавыя напрамкі.
Былы міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў заявіў, што перадаў свайму пераемніку Яўгену Хмары план вядзення вайны. Пра гэта ён сказаў у чацвер, 6 жніўня, у падкасце валанцёра і блогера Сяргея Стерненкі.
«Гэта першае, што я зрабіў. Я паказаў яму асабіста — з эмоцыяй, з душой... Патлумачыў логіку: як гэтая логіка плана вайны потым дэкампазуецца на закупкі, на распрацоўкі», — сказаў Фёдараў.
Паводле яго слоў, дэталёвае планаванне прадугледжвае падзел агульнай стратэгіі на сотні асобных праектаў — ад вытворчасці ўзбраенняў да забеспячэння неабходнага фінансавання.
«Калі ўнікаць у дэталі, разумееш, што да канца восені трэба вырабіць танныя ракеты — і іх патрэбна як мінімум пэўная колькасць. Для гэтага трэба разабрацца з ланцугом паставак, з вытворцамі, падпісаць кантракты, знайсці сродкі... Гэта дэкампазіцыя на сотні праектаў», — дадаў экс-міністр.
Паводле слоў Фёдарава, на дадзены момант галоўнай задачай з’яўляецца прызначэнне паўнацэннага міністра абароны, каб праца ведамства магла працягвацца.
«Трэба прызначаць міністра абароны, каб краіна працягвала працаваць. Калі мы пройдзем гэтую дату [18 жніўня, калі Вярхоўная Рада вернецца з канікул], я раскажу пра свой далейшы шлях — пра тое, што мы будзем рабіць; у мяне ёсць варыянты B, C, D. Важна працаваць на нашу перамогу, рэалізаваць план [вайны], пра які мы сёння казалі», — адзначыў ён.
Яшчэ ў лютым Фёдараў заяўляў, што план AIR–LAND–ECONOMY прадугледжваў тры ключавыя напрамкі: абарону паветранай прасторы, спыненне прасоўвання расійскіх войскаў на фронце і ўдары па эканамічным патэнцыяле краіны-агрэсара.