Навукоўцы распавялі, чаму ежа становіцца смачнейшай на наступны дзень пасля прыгатавання
3- 7.08.2026, 18:23
- 1,678
Сакрэт раскрыты.
Даследчыкі Універсітэта Дыкіна (Аўстралія) знайшлі магчымыя тлумачэнні гэтага феномена ў сваім свежым даследаванні, піша «Нож».
У мінулым Расэл Кіст, вядучы аўтар даследавання, працаваў шэф-кухарам. Яго заўсёды цікавіла, чаму людзі часта лічаць учорашнія стравы самымі смачнымі.
Каб разабрацца ў гэтым пытанні, Кіст і ягоныя калегі спачатку правялі апытанне. Яны папрасілі дарослых аўстралійцаў выбраць 4 стравы з 25 папулярных пазіцый. Людзей пыталіся, якія стравы, на іх думку, стануць яшчэ лепшымі на наступны дзень.
Далей каманда правяла дэгустацыйны эксперымент з удзелам 65 добраахвотнікаў. Дарослыя людзі насляпую спрабавалі лазанью з ялавічынай, курыцу ў вяршкова-таматным соусе, яблычны крамбл і дал. Апошняя пазіцыя — гэта страва індыйскай кухні, якую гатуюць з чачавіцы, машу, нута, гароху і фасолі.
«Мы выкарыстоўвалі тыя ж самыя рэцэпты, ідэнтычныя партыі інгрэдыентаў, аднолькавыя спосабы прыгатавання, аднаго і таго ж спецыяліста па даследаваннях, кантралявалі тэмпературныя ўмовы ў халадзільніку і пры разаграванні, выкарыстоўвалі рандомізаваныя трохзначныя коды і сляпы сэнсарны аналіз», — удакладніў Расэл Кіст.
Калі верыць вынікам эксперыменту, рэспандэнты часцей за ўсё адгадвалі ступень свежасці дала: больш за 80 % адрознілі толькі што прыгатаваную індыйскую страву ад учорашняй. Другое месца занялі курыца ў вяршкова-таматным соусе і яблычны крамбл, трэцяе — лазанья.
Што цікава, каля 64 % добраахвотнікаў прызналіся, што курыца ў вяршкова-таматным соусе, прыгатаваная напярэдадні, была смачней за свежую. У выпадку з трыма іншымі стравамі перавагі падзяліліся пароўну.
На думку даследчыкаў, звычайна ежа не становіцца лепшай на наступны дзень, проста некаторым людзям больш падабаюцца смакавыя ўласцівасці страў, што прасякнуліся соўсамі і прыправамі. Пры гэтым найчасцей такія гурманы аддаюць перавагу ўчорашнім «складаным, вільготным стравам з соусам, у якіх прысутнічаюць тлушчы, прыправы, крухмалы і бялкі».