Дачка расійскага генерала, адказнага за мабілізацыю, дапамагае ад яе ўхіляцца
- 7.08.2026, 23:44
За грошы.
Дачка начальніка Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба РФ генерал-палкоўніка Яўгена Бурдзінскага за грошы дапамагае ваеннаабавязаным расіянам атрымліваць фіктыўныя адтэрміноўкі і пазбягаць адпраўкі ў войска, гаворыцца ў расследаванні «Медузы».
Кацярына Бурдзінская працуе ў маскоўскім юрыдычным агенцтве Budovnits Family Law Agency і, паводле даных выдання, займаецца напрамкам, звязаным з «вырашэннем пытанняў» з ваенкаматамі і мабілізацыяй. Яе нумар пазначаны на сайце кампаніі як кантакт для кліентаў, якім прапануюць дапамогу з афармленнем броні і адтэрміновак. Паслугі рэкламуюцца як канфідэнцыйныя і без лішняй агалоскі; журналісты знайшлі водгукі людзей, якія сцвярджаюць, што з дапамогай Бурдзінскай змаглі пазбегнуць прызыву.
Пры гэтым, як высветліла «Медуза», у Бурдзінскай няма профільнай юрыдычнай адукацыі: яна скончыла МАІ, а да працы ў агенцтве займалася продажамі. Яе бацька Яўген Бурдзінскі з 2018 года ўзначальвае мабілізацыйнае ўпраўленне Генштаба РФ, адказваючы за пытанні прызыву, мабілізацыі і іншыя напрамкі вайсковай кадравай палітыкі. Раней ён публічна крытыкаваў ухіленне расіян ад службы і заяўляў, што прызыўнікоў не будуць накіроўваць у зону баявых дзеянняў.