Навукоўцы: Нешта дзіўнае адбылося ў Арктыцы ў 2010 годзе
- 23.09.2026, 9:59
- 2,076
НАСА раскрыла таямніцу.
Сезон таяння марскога лёду ў Арктыцы з 1979 года стаў прыкладна на 40 дзён даўжэйшы. Аднак каля 2010 года гэтая тэндэнцыя раптам спынілася — з таго часу працягласць перыяду таяння застаецца прыкладна стабільнай. Пра гэта сведчыць новае даследаванне пад кіраўніцтвам НАСА, паведамляе Portfolio.
Даследчыкі прааналізавалі спадарожнікавыя назіранні за 1979–2023 гады. Яны вызначалі, калі марскі лёд пачынае таяць вясной і калі восенню зноў замярзае. Высветлілася, што павелічэнне працягласці сезона таяння было звязана найперш з больш познім восеньскім замярзаннем, а не з тым, што вясновае таянне пачыналася раней.
Што адбылося каля 2010 года
Паводле даследавання, асноўная частка змяненняў адбылася яшчэ да 2010 года. У 2000-х гадах хуткае скарачэнне ледзянага покрыву агаляла больш цёмную паверхню акіяна, якая паглынала больш сонечнага святла. З-за гэтага восеньскае замярзанне зацягвалася, а сезон таяння рабіўся даўжэйшы.
Прыблізна з 2010 года сітуацыя змянілася. Іншыя асаблівасці воблачнасці прывялі да змяншэння колькасці сонечнага выпраменьвання, якое дасягае Паўночнага Ледавітага акіяна. Гэта, паводле высноў даследчыкаў, стабілізавала працягласць сезона таяння, хоць штогадовыя ваганні застаюцца значнымі.
У той жа час гэта не азначае, што арктычны лёд аднавіўся. Сучасны ледзяны покрыў у асноўным маладзейшы і танчэйшы, чым шматгадовы лёд, які раней быў больш распаўсюджаны. З-за гэтага ён мацней рэагуе на змены воблачнасці, штормы і вятры.
«Працягласць сезона таяння цяпер у значна большай ступені залежыць ад атмасферных уплываў, бо лёд ужо стаў танчэйшы і больш уразлівы», — адзначыла сааўтарка даследавання, даследчыца лёду Цэнтра касмічных палётаў імя Годдарда НАСА Лінет Буаваер.
Навукоўцы таксама папярэджваюць, што цяперашняя стабілізацыя можа аказацца часовай. На поўнач ад Грэнландыі і ў раёне Канадскага Арктычнага архіпелага дагэтуль захоўваецца тоўсты шматгадовы лёд. Калі ён і далей будзе танчаць, гэта можа выклікаць новую хвалю хуткай страты лёду.
Паводле даследавання, Арктыка працягвае награвацца амаль у чатыры разы хутчэй, чым у сярэднім па свеце, а астатні ледзяны покрыў істотна танчэйшы, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму.