23 верасня 2026, Серада, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуская цана вышэйшая прыкладна на 80%»

«Беларуская цана вышэйшая прыкладна на 80%»

У Беларусі новыя iPhone значна даражэйшыя, чым у суседніх краінах.

За два тыдні пасля прэзентацыі новыя iPhone ў Беларусі прыкметна патаннелі. iPhone 18 Pro, за які спачатку прасілі каля Br 8000, цяпер можна знайсці прыблізна за Br 5000 — ужо амаль па цане суседніх краін ЕС. А вось складаны iPhone Duo ў Беларусі застаецца істотна даражэйшы, чым у Літве, Латвіі і Польшчы. «Белсат» паглядзеў, колькі цяпер каштуюць навінкі Apple, адкуль іх прывозяць у Беларусь і што з гарантыяй на новыя iPhone.

У Беларусі новыя iPhone на старце значна даражэйшыя, чым у ЗША

Apple прадставіла новыя iPhone 9 верасня. У лінейку ўвайшлі iPhone 18 Pro і 18 Pro Max, а галоўнай навінкай стаў першы складаны смартфон кампаніі — iPhone Duo. Продажы Pro і Pro Max пачаліся 18 верасня, а Duo з'явіцца ў продажы толькі 23 кастрычніка.

У ЗША стартовая цана iPhone 18 Pro з памяццю 256 ГБ складае $1199 (каля Br 3624, ці 1044 еўра), Pro Max — $1299 (каля Br 3926, ці 1132 еўра). Складаны Duo каштуе ад $1999 (каля Br 6041, ці 1741 еўра).

У Беларусі перадзаказы з'явіліся практычна адразу пасля прэзентацыі, але цэны аказаліся значна вышэйшыя за амерыканскія.

За iPhone 18 Pro 256 ГБ прасілі Br 7999 (каля $2647, ці 2306 еўра), за версію з 512 ГБ — Br 8999 ($2978, ці 2594 еўра). iPhone 18 Pro Max 256 ГБ каштаваў Br 9099 ($3011, ці 2623 еўра), з 512 ГБ — Br 9999 ($3309, ці 2882 еўра).

Найдаражэйшым аказаўся складаны iPhone Duo. За версію з 256 ГБ прасілі Br 14 499 ($4797, ці 4179 еўра). Duo з 512 ГБ прапаноўвалі за Br 15 999 ($5294, ці 4611 еўра).

Што з цэнамі цяпер

Да 22 верасня цэны на iPhone 18 Pro і Pro Max прыкметна знізіліся, хоць у розных прадаўцоў яны па-ранейшаму адрозніваюцца.

У адной з інтэрнэт-крам iPhone 18 Pro 256 ГБ каштуе Br 5605 (каля $1855, ці 1616 еўра). Прычым цана аднолькавая для версіі толькі з eSIM і для SIM+eSIM. Мадэль з 512 ГБ памяці каштуе Br 6245 ($2066, ці 1800 еўра), з 1 ТБ — Br 7890 ($2611, ці 2274 еўра). iPhone 18 Pro Max у таго ж прадаўца каштуе Br 6799 ($2250, ці 1960 еўра) за 256 ГБ і Br 7590 ($2511, ці 2188 еўра) за 512 ГБ. Для абедзвюх версій цана таксама аднолькавая для eSIM і SIM+eSIM. Мадэль з 1 ТБ памяці каштуе Br 8300 ($2746, ці 2392 еўра).

У іншай інтэрнэт-краме цэны яшчэ ніжэйшыя: iPhone 18 Pro прапануюць ад Br 5360 ($1774, ці 1545 еўра), а Pro Max — ад Br 6178 ($2044, ці 1781 еўра).

iPhone 18 Pro 256 ГБ можна знайсці па цане ад Br 5999 ($1985, ці 1729 еўра) да Br 7490 ($2478, ці 2159 еўра). Для iPhone 18 Pro Max 256 ГБ цэны знаходзяцца ў дыяпазоне ад Br 6799 ($2250, ці 1960 еўра) да Br 7990 ($2644, ці 2303 еўра).

На «Куфары» новыя смартфоны можна знайсці яшчэ танней. Найніжэйшая знойдзеная намі прапанова на новы iPhone 18 Pro 256 ГБ — Br 4970 ($1645, ці 1433 еўра) ад прыватнага прадаўца з Ліды. Новы апарат з SIM+eSIM у Мінску прапануюць за Br 4980 ($1648, ці 1435 еўра), а крама на той жа пляцоўцы — за Br 4999 ($1654, ці 1441 еўра). Яшчэ адзін прыватны прадавец прапануе еўрапейскую версію SIM+eSIM за Br 5550 ($1836, ці 1600 еўра). Нагадаем, пры куплі «з рук» варта ўлічваць рызыкі: пад выглядам прадаўцоў дарагой тэхнікі могуць дзейнічаць махляры, таму асабліва нізкая цана сама па сабе не азначае, што смартфон сапраўды можна набыць за ўказаную суму.

А вось цэны на iPhone Duo засталіся на тым жа ўзроўні. Версія з 256 ГБ памяці па-ранейшаму каштуе ад Br 14 499 ($4797, ці 4179 еўра), а ў адной з інтэрнэт-крам iPhone Duo прапануюць за Br 15 000 ($4963, ці 4324 еўра) з 256 ГБ памяці, Br 16 000 ($5294, ці 4612 еўра) — з 512 ГБ, Br 18 000 ($5956, ці 5188 еўра) — з 1 ТБ і Br 20 000 ($6618, ці 5765 еўра) — з 2 ТБ.

Адкуль iPhone трапляюць у Беларусь

Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Apple спыніла пастаўкі новай прадукцыі ў Беларусь. ЗША таксама абмежавалі экспарт у Беларусь дарагой электронікі: смартфоны коштам ад $300 за адзінку ўключаны ў амерыканскі санкцыйны спіс для Беларусі — пад гэтае абмежаванне трапляе практычна ўся актуальная лінейка iPhone. Пры гэтым у Беларусі дзейнічае паралельны імпарт, які дазваляе ўвозіць тавары без дазволу праваўладальніка. Таму прылады Apple працягваюць з'яўляцца ў продажы, нягледзячы на адсутнасць афіцыйных паставак.

Адзін з каналаў праходзіць праз Расію, хоць афіцыйных продажаў Apple там таксама няма. 18 верасня 2026 года ў расійскім рэестры з'явілася дэкларацыя адпаведнасці ЕАЭС адразу на iPhone 18 Pro, 18 Pro Max і Duo — у дакуменце пералічаныя канкрэтныя нумары мадэляў новых смартфонаў. Вытворцам указана Apple Inc., краінай вытворчасці — Кітай.

У адной з крам расказалі, што новыя iPhone 18 прывозяць з ААЭ.

У аб'явах сустракаюцца і іншыя маршруты: напрыклад, адзін з прадаўцоў на «Куфары» пазначае, што iPhone 18 Pro прывезены з Польшчы, іншы — з Германіі.

З-за розных маршрутаў паставак у продажы адначасова апынаюцца рэгіянальныя версіі iPhone. Яны могуць адрознівацца, у прыватнасці, падтрымкай фізічных SIM-карт і eSIM. Усе тры беларускія мабільныя аператары — A1, МТС і life:) — працуюць з eSIM, таму карыстацца версіяй без слота для фізічнай SIM-карты ў Беларусі можна. Аднак сваю звычайную SIM-карту ў такі апарат пераставіць не атрымаецца — яе давядзецца замяніць на eSIM.

З гарантыяй ёсць нюанс

Apple дае на сваю тэхніку абмежаваную гадавую гарантыю. Аднак у ўмовах гарантыі кампанія асобна папярэджвае, што для iPhone і iPad яна мае права абмежаваць гарантыйнае абслугоўванне краінай, дзе прылада першапачаткова была прададзена Apple або яе аўтарызаваным дылерам.

У Беларусі прамых сэрвісных цэнтраў Apple пасля сыходу кампаніі з рынку няма, а рамонтам iPhone займаюцца прыватныя майстэрні.

Таму прадаўцы паралельна ўвезеных iPhone прапануюць уласныя ўмовы гарантыі. Найчасцей гэта 12 месяцаў гарантыі крамы, часам за дадатковую плату тэрмін можна падоўжыць. Сустракаюцца і прапановы з 12 месяцамі гарантыі і яшчэ 36 месяцамі сэрвіснага абслугоўвання.

Гарантыя крамы і сэрвіснае абслугоўванне — не тое самае, што гарантыя вытворцы. Пры куплі варта ўдакладніць, хто будзе прымаць тэлефон у выпадку паломкі, дзе яго будуць рамантаваць і што пакрывае гарантыя прадаўца.

Колькі каштуюць новыя iPhone у суседзяў

Для параўнання з суседнімі краінамі ЕС возьмем аднолькавыя версіі смартфонаў з 256 ГБ памяці.

У Літве iPhone 18 Pro 256 ГБ у аўтарызаванага прадаўца Apple iStore каштуе €1499 (каля Br 5201, ці $1721), Pro Max — €1659 (Br 5756, ці $1904). За iPhone Duo 256 ГБ, продажы якога яшчэ не пачаліся, просяць €2389 (Br 8288, ці $2743). Такім чынам, мінімальная знойдзеная ў Беларусі цана на Pro амаль супадае з літоўскай, Pro Max каштуе прыкладна на 7% даражэй.

Амаль такія ж цэны ў Латвіі. У Euronics iPhone 18 Pro 256 ГБ каштуе €1499 (каля Br 5201, ці $1721), Pro Max — €1659 (Br 5756, ці $1904). Складаны Duo 256 ГБ латвійскі аператар LMT ацаніў у €2449 (Br 8497, ці $2811). У параўнанні з мінімальнымі беларускімі цэнамі Pro каштуе практычна столькі ж, Pro Max у Беларусі — прыкладна на 7% даражэй.

У Польшчы iPhone 18 Pro 256 ГБ каштуе 6299 злотых (каля Br 5020, ці $1661). Pro Max 256 ГБ — 6799 злотых (каля Br 5419, ці $1793). iPhone Duo 256 ГБ ацэнены ў 9999 злотых (каля Br 7969, ці $2637). Мінімальная беларуская цана на Pro амаль супадае з польскай, Pro Max у Беларусі прыкладна на 14% даражэй.

За iPhone Duo ў Літве, Латвіі і Польшчы просяць прыкладна €2300–2450, або Br 8000–8500, тады як у Беларусі — ад Br 14 499. Гэта значыць, беларуская цана вышэйшая прыкладна на 71–82%.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках