19 апреля 2024, пятница, 13:14
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вольга Аліпава: Шалею, калі нас называюць не народам, а «насельніцтвам»

7
Вольга Аліпава: Шалею, калі нас называюць не народам, а «насельніцтвам»

Салістка першага забароненага ў Беларусі гурта «Наследники» лічыць, што рок-музыка ў Беларусі зараз у жудасным становішчы.

Вольга Аліпава па праву можа лічыцца беларускай рок-сьпявачкай №1. Яе першы гурт «Наследники» таксама трапіў у гісторыю, як першая забароненая ў Беларусі каманда. Яна выйшла на сцэну ўпершыню 45 год таму, і доўгі час роўных ёй не было. Пры канцы 90-х Вольга скончыла актыўную музычную кар’еру і цяпер зьяўляецца на публіцы вельмі рэдка. Зусім няпроста знайсьці і сьляды яе творчай дзейнасьці.

У вольным доступе практычна няма ані відэазапісаў, ані фотаздымкаў, ані песень, ані інтэрвію…Чаму некалі славутая на ўсю краіну сьпявачка практычна не нагадвае пра сябе сёньня? З гэтага пытаньня мы і пачалі размову з самай першай рок-вумэн Беларусі.

Інтэрв'ю з Вольгай Аліпавай для сайта charter97.org запісаў Сяргей Будкін.

- Я не люблю публічнасьці. Мне яе хапіла ў маладосьці, тады ад папулярнасьці няма было куды падзецца. Пра мяне столькі плётак хадзіла, і я вельмі растрайвалася з гэтай нагоды. І «алькагалічкай» была, і «наркаманкай», і быццам бы пераспала ледзьве не з паловай гораду, што толькі мне не прыпісвалі! І мне гэта ў пэўны момант так надакучыла, што я вырашыла: усё, хопіць.

- З іншага боку, ня скажаш, каб гісторыя беларускай рок-музыкі кагосьці сёньня моцна цікавіла.

- Маю наогул такое ўражаньне, што рок-музыка ў Беларусі ў поўнай дупе. Яна тут папросту нікому не патрэбная. Рок-музыка – гэта вельмі яркая і індывідуальная зьява. Менавіта індывідуальная, а не калектыўная. У ёй людзі яскрава выяўляюць сваю сутнасьць. А такое яркае самавыяўленьне асабліва нікому не патрэбнае, бо можа прывесьці да якога-небудзь ліха.

- Калі вы ўпершыню апынуліся на рок-сцэне, можаце прыгадаць?

- Памятаю, гэта быў 1968 год, з групай «Наследники». Мы вучыліся яшчэ ў школе, у 82-ой. Я ўжо тады ад The Beatles вар’яцела. Сусед мой па парце заснаваў школьны ансамбль і на глебе агульнай цікавасьці да музыкі паклікаў мяне туды сьпяваць. Выступалі на вечарах на той час. Усе спрэс самадзейныя ансамблі на той час былі мужчынскімі, і я была адзінай жанчынай у рок-музыцы. І заставалася яшчэ доўгі час – год 15-20 недзе.

- Дзе ж вы навучыліся сьпяваць?

- Ня ведаю, Госпад талент даў. Склалася так само па сабе. Сьпявала яшчэ зь дзіцячага садка, вечна муркатала сабе пад нос. Ніколі не было ў мяне ніякіх настаўнікаў, абсалютна. Калі толькі духоўныя - The Beatles, а потым Led Zeppellin. Вось і ўсё.

- Як на вашыя выступы рэагавалі людзі, гэта ж было дзіва дзіўнае для публікі – дзяўчына, што пяе, як Робэрт Плянт.

- Ня ведаю, ці было гэта дзівам, але ў залі скандавалі маё імя так гучна, што я нават хавалася за калёнку. Часам бывала страшна, бо выйдзеш на сцэну, а народ як ламанецца. Падавалася, што зьмятуць зараз. Мы сапраўды сьпявалі песьні толькі заходніх гуртоў, рыхтавалі цэлыя праграмы, напрыклад паводле альбому «Led Zeppellin II» ці «Abbey Road». Слухачы гэтыя песьні ўжо ведалі, але хацелі пачуць іх ужывую, у тым ліку ў нашым выкананьні, дакрануцца да свабоды. Недахопу ў інфармацыі не было – вяшчала Бі-Бі-Сі, замежныя студэнты кружэлкі прывозілі, усе ва ўсіх усё перапісвалі. Некаторыя нават ладзілі нешта падобнае да камерцыйнага прадпрыемства па перазапісе кружэлак, дык у іх можна было дастаць усё, што заўгодна.  

- Вядома, што ваш бацька ў органах служыў. Як ён з маці ставіліся да вашага захапленьня?

- Бацькі былі катэгарычна супраць. Для бацькі гэта быў асноўны галаўны боль. Аднойчы яму давялося мяне зь міліцыі выцягваць. Мы тады яшчэ былі гіпі па першым часе, хадзілі па праспэкце, і мяне зь сябрамі забралі – за зьнешні выгляд. Там панадавалі па шыі ды падстрыглі, мяне, праўда, не чапалі. Бацька не прасіў кінуць, не пагражаў – зразумеў, што ўсё гэта марна і ня ціснуў. Як і маці.  

- А шмат вас было такіх?

- У памерах вялікага гораду можа і няшмат, але дастаткова. Хапала ў Менску людзей, якія адчувалі гэтую ўнутраную свабоду, дакладней жадалі яе адчуць.

- Вы бралі ўдзел у першай у СССР дэманстрацыі хіпі ў Горадні ў 71-м?

- Мы пра яе даведаліся пазьней. Суполкі былі досыць закрытыя, таму інфармацыя даходзіла з спазьненьнем, і ў Гродна мы тады не паехалі.

- Ваш гурт «Наследники» увайшоў у гісторыю яшчэ і тым, што стаў першай забароненай групай у Беларусі. Чаму так здарылася?

- Галоўным чынам празь мяне. Мы на вечарах выступалі ў радыётэхнічным інстытуце, а гэтае месца часта наведвала «вялікае начальства». На другім паверсе ў залі ладзіліся звычайна ўрачыстасьці, а на першым паверсе на сталах растаўлялі апаратуру, і там праходзілі танцы. Але танцаў як такіх па-сутнасьці не было. Мы гралі, а ўсе стаялі, слухалі. Заўважылі неяк нас ды сказалі: каб яе тут больш не было. Нібыта сваімі паводзінамі я абражаю савецкую рэчаіснасьць. Загад сыходзіў з абкаму камсамола, канечне ў вуснай форме, ніякіх паперак ніхто не даваў. І мне даводзілася сьпяваць за калёнкай. Мне было на іх абсалютна…

- А ў вас акрамя патрэбы гэтай унутранай свабоды, ці была прага да сваёй культуры?

- Шчыра скажу, мне тады беларуская культура абсалютна не цікавіла. Гэтае ўсьведамленьне да мяне прыйшло куды пазьней, можа з год 10 таму, уяўляеце? Адкрывала вельмі павольна і паступова. Цяпер я стаўлюся да беларускага з шанаваньнем і трапятаньнем, а на тыя часы яно мне было да лямпачкі. Мы нават сьмяяліся тады з усіх гэтых народных сьпеваў. Хоць і выконвалі. Конкурсы былі з патрабаваньнем выканаць прынамсі адну народную песьню, таму і даводзілася корпацца і вышукваць. Цяпер жа, калі пачую бабульчыны сьпевы, сапраўдныя, а не заарганізаваныя, то вельмі натхняе.

- Як вы ставіліся да таго, што рабілі на прафэсійнай сцэне «Песьняры», «Верасы», «Сябры»?

- З пагардай ставіліся, бо іх музыка нам падавалася таннай і бязгустоўнай. Зрэшты, я іх і цяпер ня тое, каб любіла (усьміхаецца).

- А было супрацьстаяньне паміж музыкантамі, якія граюць на прафэсійнай сцэне і нефармальнымі выканаўцамі?

- Абсалютна не было. Яны самі сабе, мы – самі сабе. А часам нават і сябравалі між сабой. Мне дык ніколі не хацелася перайсьці на прафэсійную сцэну, а хлопцам карцела. Мы тады перайшлі ў «Сузор’е» і выступалі ў аднаіменнай кавярні. І я напісала ліст дырэктару філярмоніі, мяне на гэта тата натхніў. Напісала, што ў нас у Беларусі моладзевай музыкі няма, камсамольскага року. Як ня дзіўна, дырэктар адказаў, і наш гурт «Сузор’е» запрасілі на працу ў філярмонію. Я праўда хутка адтуль сыйшла, з год толькі папрацавала. Не спадабалася, бо ўсё рэгулюецца, «худсаветы» усе гэтыя загадваюць: рабі так ды гэтак. І пайшла ў «кабак» – у рэстаранныя ансамблі. Там было вальней, хоць таксама былі «кансультанты-дырыжоры», але яны рэдка прыходзілі, можа раз на год. Так што асабліва справы да нас не было нікому.

- А вы самі перасякаліся з тымі ж «Песьнярамі»?

- З Барткевічам яшчэ ў часы, калі ў яго быў гурт «Залатыя яблыкі сонца», а потым Мулявін мяне запрасіў у сваю рок-опэру, не памятаю якую. Але яму наплялі розныя зайздросьнікі пра мяне зноў жа розных чутак пра тое, што я наркаманка і алькагалічка. І ўсё – ён спужаўся. Пабыла толькі на адной рэпетыцыі.

- Барткевіч нядаўна ў інтэрвію сказаў, што росквіт культуры быў у Беларусі за часамі Машэрава. Вы пагаджаецеся з такой думкай?

- Тады быў усеагульны ўздым духу ў Эўропе і Штатах. Бывае так, калі зьмяняюцца эпохі. Гэта, як духоўны ўзьлёт у часы Адраджэньня, пасьля задушлівага і цяжкага Сярэднявечча. Так было пры канцы 60-х і цягам 70-х гадоў, потым такі настрой зьнік. Так што зьвязана гэта з часам, а не з канкрэтнай асобай.

- Зараблялі вы ўвесь час на жыцьцё выключна з дапамогай музыкі?

- Так. І вельмі някепска ў рэстаране плацілі. 500-600 рублёў пры заробку інжынэра ў 120. Дазволіць сабе можна было шмат чаго. У нас былі такія экземпляры, якія маглі зьлятаць на пару дзён у Ялту ці Сочы ды пашыкаваць там.

- Калі вы зразумелі, што музыка – малапэрспектыўны занятак?

- Калі зразумела, што ніякай дарогі далей няма, тады вырашыла сыйсьці з музыкі. Тут немагчыма такая раскрутка, як на Захадзе, а навошта ўнізе мітусіцца, які ў гэтым сэнс? Быў час, што мы пасылалі свае запісы на касэтах ва ўсе буйныя гуказапісвальныя кампаніі. І мне нават з EMI патэлефанавалі. Чалавек стаў нешта хутка казаць па-ангельску, а ў мяне такі шок здарыўся, што я анічога не зразумела ды папрасіла казаць павольней ды папрасьцей. Ён таксама зьбянтэжыўся і сказаў, што ператэлефануе, як знойдзе чалавека, які зможа патлумачыць мне па-расейску. На гэтым і скончылася.

- У вас жа быў яшчэ «маскоўскі» досьвед, калі супрацоўнічалі з групай «Квартал», вядомай на ўсю постсавецкую прастору. Чаму далей не пайшла справа?

- Калі тут зусім нічога не было, я паехала ў Маскву ды езьдзіла па гастролях з «Кварталам». Але была я там на другіх ролях, мне гэта хутка надакучыла, і я вярнулася назад. Нічога іншага ў Маскве шукаць не стала. Такі я чалавек, ня ўмею пралязаць. Кажуць, што талент сам праб’ецца, але гэта ня так, не фіга ён не праб’ецца. Трэба ўмець жа сябе падаць адпаведным чынам, а я можа і ўмею, але не хачу, бо мне гэта не-пры-ем-на. Не пашанцавала мне ў гэтым пляне. Падчас выступаў у «кабаку», у «Юбілейнай» ці ў «Планеце», падыходзілі замежнікі і казалі: «Прыязджайце да нас, вы будзеце там зоркай». На гэтым усё і сканчалася.

- Вы шкадуеце, што зьвязалі жыцьцё з музыкай?

- Неа, у мяне было такое цікавае жыцьцё! Усе гэтыя бясконцыя канцэрты, ад якіх неймаверная энергетыка была і аддача глядацкая. І проста дзеля гэтага варта было жыць.

- Пры канцы 90-х вы ў адным з сваіх рэдкіх інтэрвію канстатавалі, што ў беларускай музыцы ды ў Беларусі ў цэлым – поўная безнадёга. Ваша меркаваньне зьмянілася з тых часоў?

- Не зьмянілася, толькі стаўлюся я да гэтага ўжо абсалютна нармальна. Не дык не, што ж паробіш, не засілішся ж. Я не лічу, што ў нас ёсць грамадзянская супольнасьць, у нас ёсць «насельніцтва». Што мяне ўводзіць у шаленства, дык гэта тое, што нас па тэлевізары называюць «насельніцтвам», але не народам. Дык вось ёсьць частка «насельніцтва», якой хоць нешта трэба, але яна становіцца ўсё менш і менш. І памяняць тут нічога немагчыма. Настрой у грамадзтве зусім іншы, зараз трэба рабіць грошы і кар’еру.  

- А вас што натхняе? І чым вы займаецеся цяпер, на сцэну выходзіце?

- Мяне жыцьцё натхняе. Я ж была пэсымістам, а стала аптымістам, прычым валявым чынам. Вось гэта і трымае, а чаго куксіцца? Часам выступаю на канцэртах, пры чым адна, зусім. Музыкантаў я ўжо нават не шукаю. Тыя, хто маглі б са мной граць, спіліся ці ў запоях, у каго рука баліць ці нешта яшчэ. Малюю зараз, можа выставу мне зробяць. Калі зацікавіць, дык прыйдзеце і сфатаграфуеце. Карціны так не паказваю, навошта? Мне славы і папулярнасці ўжо досыць, вось так.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 7

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях