Івонка Сурвіла: Мы будзем змагацца, пакуль ня вызвалім нашай дзяржавы
- 27.11.2026, 17:46
Старшыня Рады БНР выступіла са зваротам у Дзень Герояў.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Герояў: 27 лістапада адзначаецца 106-я гадавіна Слуцкага Збройнага чыну, піша «Салідарнасць».
– Дарагія мае суродзічы-беларусы!
У гэты месяц успамінаў вітаю вас з гадавінай аднаго з найбольш слаўных чынаў нашага народу, калі ў 1920-м, праз два гады пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, ён выйшаў бараніць сваю зямлю ад усходняга захопніка. Адчуваю бясконцую ўдзячнасьць нашым героям, якія былі гатовыя аддаць жыцьцё, каб жыла Беларусь!
Мела вялікі гонар у маім дзяцінстве ведаць некаторых з гэтых герояў. Некалькі гадоў таму была ў Лёндане на аднаўленьні магілы Лявона Рыдлеўскага, які ўсё жыцьцё заставаўся верным ідэалам, за якія змагаліся Случчакі.
Так як увесь сьвет з любоўю і ўдзячнасьцю прыпамінае сваіх герояў, хачу вас папрасіць, каб 27-га лістапада адзначылі і вы, мае дарагія сябры, памяць тых тысячаў нашых землякоў, якія хацелі стрымаць чужую агрэсію на наш край.
Вам памогуць нашыя пісьменьнікі, гісторыкі і дасьледнікі. Прачытайце разам бачынкі, якія прысьвяціў Слуцкаму Збройнаму Чыну Васіль Быкаў. Прачытайце лісты герояў, як гэта рабіў у Таронта Кастусь Акула. Або паслухайце адзін са зьмястоўных дакладаў на гэтую тэму Міколы Пачкаева.
Толькі вораг той самы
Сёньня нашыя змагарныя дарогі выглядаюць зусім інакш. Толькі вораг той самы, і краінаю кіруе чалавек, які, каб зьберагчы сваю ўладу, прадаў нашую Рэспубліку, за незалежнасьць якой мы змагаліся ледзь не стагодзьдзе.
Затое мы паказалі сьвету, што мы ведаем, хто мы, і, як і кожны народ сьвету, хочам быць гаспадарамі на сваёй зямлі. У 2020-м годзе сьвет нарэшце зразумеў, што мы волялюбны народ і што мы будзем змагацца, пакуль ня вызвалім нашай дзяржавы і пакуль ня зможам перадаць яе — вольнай і незалежнай — нашым дзецям і нашым унукам.
Бо сотням тысяч беларусаў у сьвеце баліць сэрца па Айчыне, якую яны былі змушаныя пакінуць не са свае волі.
Памяць і вера ў будучыню
Мы маем доступ да людзей, гатовых нам памагчы, і мы выкарыстаем гэтую магчымасьць! А ў міжчасе мы будзем бараніць нашую мову, нашую культуру і нашыя каштоўнасьці, пакуль іх ня вернем свайму народу, гэтак як іх баранілі папярэднія хвалі беларускай эміграцыі.
Патрэбныя нам толькі памяць і вера ў будучыню!
Паўтару тут словы нашых слаўных продкаў, якія іх прыдумалі, бо верылі: загляне сонца і ў наша ваконца!
Жыве Беларусь!