Леанід Заіка: «Ніякія скідкі на газ Расея даваць не будзе»
- 17.10.2007, 10:24
За адмову ад газаправода «Nord Stream» прэзідэнт Лукашэнка прапанаваў Расеі бясплатны транзіт газу па тэрыторыі Беларусі цягам 5 гадоў. Беларускія аналітыкі лічаць дадзены варыянт развіцця падзей малаверагодным.
Нягледзячы на вялікую колькасць рэзка крытычных заяў у адрас «Газпрома» і шэраг спроб знайсці энерганосьбіты ў далёкім замежжы, праблема будучага падвышэння цэнаў на расейскі газ па-ранейшаму прымушае беларускае кіраўніцтва шукаць кампрамісы.
Сухапутны транзіт таннейшы
Каб зраўнаваць цэны на «блакітнае» паліва з расейскімі, Лукашэнка прапанаваў Маскве адмовіцца ад будаўніцтва газаправода «Nord Stream» з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. На яго думку, расейскаму боку больш выгодна пачаць будаваць другое адгалінаванне газаправода Ямал – Еўропа. Акрамя таго, як адзначыў Лукашэнка, ужо маючы на ўвазе нафтаправод Унеча – Прыморск, перапампоўваючы нафту па гэтым маршруце, то бок, у абыход Беларусі, Расея штогод будзе губляць каля двух мільярдаў даляраў.
Стратэгія важнейшая за ільготы
Аднак, як заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі»: «Абсалютна ніякія скідкі на газ Расея даваць не будзе. У прапагандысцкім плане беларускаму тэлегледачу будзе паказанае, што мы прапаноўваем гэта, гэта і гэта, але ўсё гэта будзе нагадваць працу паўночнакарэйскага тэлебачання, пра тое, што чарговая заява Кім Чэн Іра кардынальна змяняе становішча ў свеце».
І будаўніцтва «Nord Stream», на думку эканаміста, справа вырашаная: «Калі Шродар і Пуцін дамовіліся, калі Меркель і Пуцін хочуць прамых паставак расейскага газу ў Нямеччыну, значыць, так таму і быць. Гэтае стратэгічнае рашэнне. А абмен яго на нейкія беларускія ільготы – гэта проста смешна».
Тым часам расейскія аналітыкі ў сувязі з ростам сярэднееўрапейскіх цэнаў на газ, прагназуюць падвышэнне цаны на газ для Беларусі ў наступным годзе да 168 даляраў за тысячу кубаметраў. Як заявіў Леанід Заіка, такая цана на газ «рэальная, і ў гэтым няма нічога страшнага. Цукеркі павінны быць дарагімі».
Альтэрнатывы пакуль няма
Эканаміст даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту Аляксандр Чубрык таксама адзначае, што наўрад ці прапановы беларускага прэзідэнта ажыццявімыя. Па-першае, будаўніцтва «Nord Stream» ужо ідзе, і грошы ў гэты праект укладзеныя ўжо немалыя. Па-другое, Аляксандр Лукашэнка агучыў свой праект не на афіцыйным узроўні, а на прэс-канферэнцыі, і да гэтага меркавання не абавязкова павінны прыслухвацца ў Крамлю. А па-трэцяе, калі «Nord Stream» пачыналі будаваць, па словах эканаміста, «на тое былі свае прычыны, не эканамічныя, а палітычныя. А палітычная сітуацыя ў Беларусі не змянілася».
Калі ж цана на газ для Беларусі паднімецца, то, упэўнены Чубрык, Беларусі ўсё роўна давядзецца яе заплаціць. Бо альтэрнатывы ў краіны проста няма.