22 красавiка 2019, панядзелак, 22:04
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Разгон антыбальшавіцкай акцыі ў Салігорску

5

Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, якая афіцыйна сьвяткуе гадавіну крывавай кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Нават у Расеі гэтага сьвята ўжо няма. Болей таго, беларускія ўлады агрэсіўна абараняюць камуністычныя ідэялы. 7 лістапада на цэнтральнай плошчы Салігорску, калі да помніка Ўладзімеру Леніну падыходзіла дэлегацыя райвыканкаму, сямёра юнакоў апранулі на сябе саколкі з надпісам «Камунізм пад трыбунал», а таксама разгарнулі расьцяжку з такімі самымі словамі. Амаль адразу да ўдзельнікаў падбегла міліцыя.

Былі затрыманыя актывісты “Маладога Фронта” Іван і Ільля Шыла, а таксама Крысьціна Самойлава. Братам Шылам міліцыянты закруцілі рукі і трымалі ляжачымі на сьнезе пакуль не пад’ехала машына, Івану разьбілі нос.

Аднак моладзь, якую не затрымалі, прайшла да будынку салігорскай міліцыі, дзе каля помніку Фэліксу Дзяржынскаму ўсклалі вянок з калючага дроту на якім было напісана «Ахвярам палітычных рэпрэсіяў. 1917-1991. 1994-2007».

Тым часам, затрыманых адвезьлі ў пастарунак, дзе пратрымалі больш за дзьве гадзіны. Старшы сьледчы салігорскай пракуратуры паведаміў Івану, што супраць яго пачынаецца расьсьледаваньне па артыкуле 363 КК «Супраціў работнікам міліцыі», паведаміла “Наша Ніва”.

Нагадаем, што 4 верасьня Івана ўжо судзілі па крымінальным артыкуле за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Тады суд вынес хлопцу перасьцярогу.