13 чэрвеня 2026, Субота, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ сам сябе пакарае?

3

Скаргу гомельскага журналіста, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргея Падсасоннага на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ абласная пракуратура накіравала для рэагавання ў мясцовы КДБ.

Нагадаем, 23 лістапада дамоў да журналіста прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, даставілі яго ва ўпраўленне і апыталі. Пытанні тычыліся прафесійнай дзейнасці журналіста і яго дачынення да першага незалежнага беларускага тэлеканала "Белсат".

Палічыўшы дзеянні супрацоўнікаў спецслужб неправамернымі, С.Падсасонны звярнуўся ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў УКДБ, паведамляе БелаПАН.

Па словах журналіста, 5 снежня ў Гомельскім цэнтральным парку да яго падышоў супрацоўнік УКДБ, які прыязджаў да яго дамоў, стаў пагражаць, крычаць на яго і хапаць за вопратку. "Супрацоўніку КДБ здалося, што я за ім сачу. Ён крычаў пра гэта, пагражаў даставіць мяне ва ўпраўленне, дзе са мной "разбяруцца". Мне атрымалася прыцягнуць увагу людзей, якія гулялі ў парку, і дзякуючы гэтаму ўцячы. Па дадзеным факце я таксама звярнуўся ў пракуратуру", – адзначыў С.Падсасонны.

Такім чынам, 13 снежня выканаўца абавязкаў пракурора Гомельскай вобласці Іван Гузарэвіч даслаў журналісту адказ, што яго скарга на дзеянні супрацоўнікаў КДБ "для арганізацыі праверкі і прыняцця рашэння накіраваная начальніку УКДБ па Гомельскай вобласці Івану Каржу".

"Гэта проста смешна. Я скарджуся на дзеянні супрацоўнікаў КДБ, а пракуратура маю скаргу накіроўвае ім жа. Гэта парушэнне закона аб зваротах грамадзян. Я буду звяртацца да юрыстаў і праваабаронцаў і спрабаваць аднавіць свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, як мінімум, права на свабоду перамяшчэння", – сказаў С.Падсасонны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках