Дапамога НАТА магчымая толькі пасля дэмакратызацыі Беларусі
- 14.12.2007, 10:31
Беларусь можа скарыстацца дапамогай НАТА для гарантавання энергетычнай бяспекі. Ва ўсякім разе, спецыялісты штаб-кватэры НАТА не выключылі такой магчымасці ў будучыні, адказваючы на пытанні беларускіх журналістаў, якія наведалі нядаўна офіс альянсу. Вайскоўцы адзначылі, што здольныя вырашаць такія задачы на практыцы, але для гэтага неабходна палітычнае рашэнне на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.
Нагадаем, упершыню пра імкненне вырашаць задачы энергабяспекі было заяўленае на рыжскім саміце арганізацыі ў 2006 годзе. Як чакаюць, абмеркаванне гэтай тэмы будзе працягнутае на саміце НАТА ў Бухарэсце на пачатку красавіка 2008 года. У прыватнасці, на сустрэчах у Бухарэсце стане вядома: якую ролю НАТА будзе іграць у гарантаванні энергетычнай бяспекі дзяржаў-удзельніц альянсу, паведаміў карэспандэнту "Завтра твоей страны" супрацоўнік штаб-кватэры НАТА.
Ён адзначыў, што вайсковы патэнцыял і практычны досвед арганізацыі можа быць надзвычайна карысны для гарантавання бяспекі паставак энерганосьбітаў – як марскіх перавозак нафты і звадкаванага газу, так і транзіту па наземных трубаправодах.
Ці можа Беларусь чакаць падтрымкі альянсу ў развязанні гэткай складанай і далікатнай праблемы як энергабяспека? "Пажывём–убачым", так, у цэлым, даволі пазітыўна адказаў супрацоўнік штаб-кватэры НАТА на гэтае прамое пытанне, падкрэсліўшы, што выдатна разумее турботу беларусаў, ды і еўрапейцаў таксама "пасля некалькіх прыкрых неспадзяванак з боку Расеі".
Ён адзначыў, што цяпер Беларусь удзельнічае ў праграме НАТА "Партнёрства ў імя свету". Але супрацоўніцтва моцна абмежаванае па палітычных прычынах.
Прагназуючы магчымыя кірункі развіцця стасункаў з нашай краінай, яшчэ адзін прадстаўнік альянсу назваў такія варыянты: дапамога НАТА ў прадухіленні і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый і стыхійных бед, садзейнічанне перамяшчэнню грузаў і транспарту ў паветранай прасторы, процідзеянне тэрарыстычнай пагрозе. Ён нават не выключыў магчымасці падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў міратворчых місіях, прычым не толькі Натаўскіх, але і іншых міжнародных арганізацый.
"Але, на жаль, у нас пакуль няма кантактаў на высокім палітычным узроўні, і пры цяперашняй палітычнай сітуацыі наўрад ці можна чакаць сур'ёзнага паляпшэння", падкрэсліла крыніца. Паводле яе слоў, у лютым 2008 года спецыялісты НАТА могуць наведаць нашу краіну з працоўным візітам для абмеркавання практычных аспектаў супрацоўніцтва. Крыніца не назвала дакладнай даты візіту. Магчыма, ён адбудзецца пасля нефармальнай сустрэчы міністраў абароны краін НАТА 7-8 лютага ў Вільні.