У Маскве не хочуць трансляваць БТ
11- 14.12.2007, 12:34
ААТ "Мостелеком" запрасіла $45 мільёнаў за ўключэнне тэлеканала "Беларусь-ТВ" у пакет кабельных сетак Масквы, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала Валеры Радуцкі.
"Тэлеканал "Беларусь-ТВ" актыўна працуе з расейскімі кабельнымі сеткамі за выключэннем Масквы – за ўключэнне беларускага тэлеканала ў пакет кабельных сетак расейскай сталіцы ААТ "Мостелеком" запрасіла $45 мільёнаў", – распавёў ён.
"У нас існуе праблема з Масквой, дзе канал не ўключаны ў кабельныя сеткі – за гэта "Мостелеком" патрабуе фантастычную суму ў $45 мільёнаў", – сказаў В.Радуцкі адзначыўшы пры гэтым, што "мы свой сігнал усім прадстаўляем абсалютна бясплатна".
Па словах кіраўніка тэлеканала, неаднаразова праводзіліся перамовы з службоўцамі ўрада Масквы, аднак ніякага выніку яны не далі. "Нягледзячы на тое, што кантрольны пакет акцый "Мостелекома" належыць ураду Масквы, у мэрыі разводзяць рукамі: "Мы не можам на іх паўплываць – дамаўляйцеся", – распавёў ён. В.Радуцкі адзначыў, што пытанне безвынікова спрабавалі вырашыць на ўзроўні намесніка мэра Масквы Валерыя Вінаградава, і не выключыў, што праблема магла ўзнікнуць і "па палітычных прычынах".
На сёння "Беларусь-ТВ", па словах галоўнага дырэктара канала, мае дамову з адным аператарам кабельных сетак у Маскве, аднак ахоп аўдыторыі адносна невялікі і складае парадку 600-700 тысяч чалавек.