2 траўня 2024, Чацвер, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мусульмане супраць расправы над журналістам «Згоды»

16

Сёння галоўнага рэдактара газеты «Згода» прысудзілі да 3 гадоў калоніі за публікацыю ў газеце карыкатур на прарока Мухамеда. Дзеянні журналіста не могуць выклікаць ухвалы, аднак прысуд да зняволення за гэткую правіну шакаваў беларускую грамадскасць. Старшыня рэлігійнага аб'яднання «Духоўнае кіраванне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» муфцій Ісмаіл Варановіч напярэдадні прысуду заявіў, што беларускія мусульмане супраць арышту журналіста.

Старшыня рэлігійнага аб'яднання «Духоўнае кіраванне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» муфцій Ісмаіл Варановіч быў выкліканы 11 студзеня ў суд у якасці сведкі па адноўленай крымінальнай справе былога намесніка рэдактара газеты «Згода» Аляксандра Здвіжкова.

У гутарцы з прэс-службай БАЖ спадар Варановіч выказаў здзіўленне, што гэтая справа яшчэ не закрытая. Паводле яго слоў, ён не збіраўся патрабаваць пакарання для адказчыка.

«Тады (пасля з'яўлення публікацый у «Згодзе» – заўв. рэд.) наша канфесія ўспрыняла гэта вельмі балюча. Так нельга рабіць – без прычыны абражаць духоўныя святыні… Але я не патрабаваў ніякага пакарання. Я хацеў, каб больш такіх здзеклівых карыкатур не друкавалі – каб выклікалі галоўнага рэдактара або адказнага за перадрук гэтых малюнкаў чалавека і зрабілі яму нейкую вымову. Маё патрабаванне было абмежаванае толькі гэтым… Я думаў, што гэтая справа ўжо даўно закрытая, а газета працуе», – гаворыць І.Варановіч.

На яго думку, закрыццё газеты, і так занадта жорсткае пакаранне. І тое, што цяпер у дадатак судзяць рэдактара газеты, гэта цалкам непрымальнае.

Нагадаем, менавіта зварот мусульманскіх суполак Беларусі ў праваахоўныя органы два гады таму стаў адной з прычын для пракурорскай праверкі, па выніках якой у лютым 2006 года была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 арт. 130 КК РБ (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці).

17 сакавіка суддзя Вышэйшага гаспадарчага суду Аксана Міхнюк задаволіла пазоў Міністэрства інфармацыі аб спыненні дзейнасці газеты.

У сакавіку 2006 года Пракуратура РБ прад'явіла абвінавачванне рэдактару газеты «Згода» Аляксандру Здвіжкову па крымінальнай справе аб перадруку карыкатур.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках