19 траўня 2024, Нядзеля, 7:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі не здаюцца (відэа)

40
Прадпрымальнікі не здаюцца (відэа)

Сённяшняя акцыя пратэсту прадпрымальнікаў у Менску сабрала больш як дзве тысячы удзельнікаў. Нягледзячы на прэвентыўныя арышты і затрыманні лідэраў прадпрымальніцкага руху, удзельнікі дэманстрацыі не пабаяліся патрабаваць ад улад спыніць пераслед прадпрымальнікаў, вызваліць «вязняў Акрэсціна» і абвясціць мараторый на дзеянне ўказу №760, які знішчае малы бізнэс у краіне. На прыступках Палаца рэспублікі былі разгорнутыя транспаранты: «Солигорск против указа 760», «Хопіць чакаць, дзейнічай!», «Семью АГ на рынок – семейный подряд».

Актывісты прадпрымальніцкага руху казалі пра немагчымасць працягу якіх-небудзь перамоваў з уладамі ва ўмовах, калі тыя не толькі ігнаруюць іх заклікі вырашаць спрэчныя пытанні ў парадку перамоваў, але адказваюць рэпрэсіямі.

Да гадзіны дня на мітынг пратэсту на Кастрычніцкую плошчу сабраліся каля 2 000 чалавек. У адсутнасці лідэраў прадпрымальніцкага руху, большасць з якіх адбывае арышт у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна па сфальсіфікаваных абвінавачваннях, спачатку выявілі ініцыятыву прадстаўнікі апазіцыйных партый. Пра сваю падтрымку патрабаванняў прадпрымальнікаў заявілі намеснік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч і былы палітвязень лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч.

Выступоўцы падкрэслівалі, што ўлады сваімі рэпрэсіўнымі дзеяннямі і нежаданнем весткі дыялог цывілізавана самі вымусілі іх выйсці з пратэстам на вуліцу, каб такім чынам прыцягнуць увагу да сваіх праблем. Падкрэслівалася, што ў сувязі з уступленне ў дзеянне з 1 студзеня ўказу №760, які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам браць на працу людзей, апроч блізкіх сваякоў, большасць наёмных працаўнікоў апынулася на вуліцы. У прапанаваных жа ўрадам умовах большасць ІП не стане працягваць сваю дзейнасць, бо неабходнасць ствараць унітарнае прадпрыемства ставіць іх на мяжу банкруцтва.

У гэтым звязку выступоўцы патрабавалі экспертызы ўказу №760 у Канстытуцыйным судзе на прадмет адпаведнасці яго Канстытуцыі краіны, а таксама адстаўкі ўрада і найперш, намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура.

Падчас мітынгу адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Крываль ад імя прадстаўнікоў малога бізнэсу Беларусі зачытаў заяву аб стварэнні ў Беларусі грамадскага форума «У абарону свабоды і прадпрымальніцтва», у які, паводле яго слоў, маюць намер увайсці ўсе прадпрымальніцкія грамадскія ініцыятывы і арганізацыі краіны, як агульнанацыянальнага ўзроўню, так і рэгіянальныя.

У аргкамітэт форума былі прапанаваныя кандыдатуры лідэраў прадпрымальнікаў Віктара Гарбачова, Віктара Крываля, Аляксандра Цацуры, Віктара Калея, Алы Гурэвіч, Аляксандра Макаева, Аляксандра Таўстыкі і Соф'і Міцяшавай, аднагалосна падтрыманыя людзьмі, якія сабраліся на плошчы.

Удзельнікамі мітынгу была падтрыманая прапанова, агучаная Віктарам Крывалём, працягнуць акцыі пратэсту датуль, пакуль патрабаванні прадпрымальнікаў не будуць выкананыя. Па словах Крываля, 28 студзеня, у дзень, калі ІП павінны плаціць падаткі за наступны месяц, прадпрымальнікі правядуць акцыі пратэсту ў рэгіёнах ля будынкаў мясцовых адміністрацый. Ён таксама пацвердзіў намер большасці прадпрымальнікаў пачаць з 1 лютага бестэрміновы страйк без выплаты падаткаў, а 18 лютага зноў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы.

Варта адзначыць, што за ўвесь час правядзення мітынгу прамовы ўдзельнікаў заглушаліся трансляцыяй першага канала дзяржаўнага радыё, а праз гучнагаварыцель міліцэйскага «аўтазака» ўдзельнікаў акцыі бесперапынна папярэджвалі аб адказнасці за ўдзел у забароненым мерапрыемстве і аб магчымасці ўжывання сілы. Людзі, якія сабраліся на плошчы, у адказ на папярэджанні скандавалі «Ганьба!» і «Свабоду!».

Пасля выступу Віктара Крываля людзі, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, вырашылі ісці да Дому ўрада, каб заявіць пра свае патрабаванні прэм'ер-міністру Сяргею Сідорскаму.

У раёне перакрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна мітынгоўцы, не змясціўшыся на вузкіх ходніках, выйшлі на падарожную частку. Праз некаторы час, праўда, міліцыя выцесніла іх назад.

Калона дэманстрантаў паступова наблізілася да плошчы Незалежнасці. Але ні перадаць свае патрабаванні Сідорскаму, ні правесці мітынг ім там не далі сілы АМАПу. Ля будынка педуніверсітэта стаялі пяць «аўтазакаў», з якіх выскачылі амапаўцы ў спецкамуфляжы, касках з дубінкамі і шчытамі. Яны ачапілі плошчу. Кіраваў аперацыяй сам міністр Навумаў, які, мабыць, перад заўтрашняй паездкай у Вену вырашыў папрактыкавацца ў прыгнечанні іншадумства і ўспомніць маладосць.

Пад страшэнны акампанемент гукаў, якія раздаваліся ад біцця дубінак па шчытах, амапаўцы ланцугом у некалькі шэрагаў выцеснілі дэманстрантаў з плошчы Незалежнасці. Людзі вырашылі адысці, каб не стаць «гарматным мясам». Яны адыходзілі, але скандавалі «Фашысты!» і «Свабоду!».

Частка дэманстрантаў, апынуўшыся на вуліцы поруч гасцініцы «Менск», была ачэпленая амапаўцамі. Усярэдзіне ачаплення апынулася не менш за 500 чалавек. Амапаўцы выхоплівалі людзей з натоўпу і запіхвалі ўсіх у «аўтазакі». Такім чынам, былі затрыманыя дзесяткі людзей.

Удзельнікі акцыі, якія не патрапілі ў ачапленне, вярнуліся да Кастрычніцкай плошчы. Па ходзе руху амапаўцы спрабавалі разбіць людзей на групы і рассеяць. Тым не менш, да Кастрычніцкай плошчы дайшлі не менш як палова тысячы чалавек. Аднак, яны амаль адразу зноў патрапілі ў ачапленне. З боку дарогі ім заступілі шлях супрацоўнікі ДАІ, з боку Палаца рэспублікі – амапаўцы. Дэманстрантаў адціснулі да менскай Кансерваторыі, адкуль тыя разышліся невялікімі групамі або паасобку.

Паводле папярэдняй інфармацыі, сёння былі затрыманыя каля 30 удзельнікаў акцыі. Блізу 20 чалавек былі дастаўленыя ў Маскоўскі РАУС, астатнія знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС Менска.

Відеа "Наша Ніва"

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках