26 красавiка 2024, Пятніца, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Голас Амерыкі»: Тэатр, які арыштоўвалі разам з гледачамі

14

У Нью-Ёрку, у рамках міжнароднага фэсту Under the Radar (Ніжэй за радар) прайшлі выступы Беларускага Свабоднага Тэатра.

Менскі тэатр сучаснай драмы, які падвяргаецца ганенням з боку дзяржавы, паказаў у Нью-Ёрку монаспектакль «Пакаленне Jeans» у выкананні яго мастацкага кіраўніка, журналіста і драматурга Мікалая Халезіна.

«Джынсы былі для нас сімвалам свабоды. Свабоды даступнай. Да таго ж яны былі кавалачкам Амерыкі ці Брытаніі, недаступных нам цэнтраў сапраўднай музыкі, сапраўднага кіно. Сапраўдных!», – гучыць са сцэны.

Мікалай Халезін – геніяльны акцёр, цягам паўтары гадзіны ён трымае ўвагу гледачоў, якім да таго ж даводзіцца сачыць за тэкстам з дапамогай субцітраў.

Мабыць, прычына поспеху – у абсалютнай шчырасці аўтара-выканаўца, які распавядае, як у маладосці ён фарцаваў джынсамі і абменьваўся з сябрамі пласцінкамі Ролінг Стоўнз. Яго мова сакавітая, назіранні – дакладныя, а асабістая гісторыя становіцца ў выкананні Халезіна гісторыяй пакалення, якое ў сённяшняй Беларусі альбо голасна патрабуе свабоды, альбо сышло ва ўнутраную эміграцыю.

У той самы час, сцвярджае Мікалай, Свабодны тэатр – не палітычны праект, гэтаксама як канфлікт у беларускім грамадстве які , у цэлым, носіць не палітычны, а эстэтычны характар:

«Праблема не ў дыктатуры, а ў эстэтычным канфлікце ў краіне. Ён нарадзіў дыктатуру. Старыя людзі і маладыя не могуць зразумець адзін аднаго. На гэтым стыку нарадзілася дыктатура. Мы бачым, што былі проста лініі фронту ў сем'ях. Я ведаю шмат людзей палітычна актыўных, вядомых у краіне, у якіх дома проста вайна была з бацькамі, з дзядулямі і бабулямі, калі справа даходзіла да: «Я ад цябе адракаюся!».

Па словах Мікалая Халезіна, хоць Свабодны тэатр не дэкларуе палітычных мэт, а толькі абвяшчае маральныя каштоўнасці, ён падвяргаецца пераследам з боку ўлад, якія адмаўляюцца нават афіцыйна зарэгістраваць калектыў:

«Мы – адзіны ў Беларусі тэатр, які не знаходзіцца пад кантролем дзяржавы; мы – адзіны ў Еўропе падпольны тэатр; і мы – адзіны тэатр у свеце, які арыштоўвалі разам з гледачамі. Усе гэтыя тры тытулы мы з задавальненнем памяняем на маленькае памяшканне ў Менску. Нам гэтыя тытулы не патрэбныя, таму што нам так шмат хочацца зрабіць, і мы так шмат ведаем, што трэба зрабіць, што нам не цікавы статус ізгояў. Але пры гэтым мы не гатовыя згаджацца з той уладнай пазіцыяй, якая існуе сёння».

Адсутнасць пастаяннай пляцоўкі не спыняе артыстаў, якія вызнаюць канцэпцыю «татальнага тэатра»:

«Мы ігралі ў лесе, мы ігралі ў клубах, мы ігралі на прыватных кватэрах і ў прыватных дамах, – і працягваем іграць. Але два клуба, у якіх мы ігралі, зачыненыя і пазбаўленыя ліцэнзій за тое, што мы там выступалі. То бок, панкаўскія канцэрты праводзіць можна, а спектаклі Свабоднага тэатра – нельга. Гэта парадокс. Мы адыгралі 15 спектакляў у Менску ў бістро, размешчаным насупраць будынка КДБ, і яны пра гэта не ведалі!»

Тых акцёраў, рэжысёраў і драматургаў, хто супрацоўнічае з трупай, пазбаўляюць працы ў афіцыйнай культурнай прасторы. Але, па словах Халезіна, нягледзячы нават на арышты гледачоў, стваранае Свабодным тэатрам актуальнае мастацтва застаецца запатрабаваным:

«У нас як не было ніводнага пустога месца ў зале, так і няма, нават пасля арыштаў. Адзінае, што цяпер усе гледачы, калі ідуць на спектакль, бяруць з сабою пашпарты».

Тыя праекты, якія не атрымоўваецца ажыццявіць у Беларусі, Свабодны тэатр рэалізуе за мяжой. Так, пасля выступаў у Нью-Ёрку, трупа адправілася ў Каліфорнію, дзе ўдзельнічае ў педагагічным праекце; увесну гэтага года запланаваныя гастролі ў Вялікабрытаніі і Грэцыі, дзе калектыву будзе ўручаная Тэатральная прэмія Еўропы.

Як адзначае куратар нью-йоркскага фэсту Under the Radar Марк Рассел, хоць у тэатральнага авангарда ў Амерыцы і ў Беларусі, здавалася б, не шмат агульнага, менская трупа нагадвае, што актуальны тэатр павінен быць свайго роду «культурным лічыльнікам Гейгера»:

«У нашым падпольным тэатры звычайна абыходзіцца без арыштаў, хоць мы спрабуем выказваць нораў… Вядома, у нас ёсць свабода слова, і мы сутыкаемся з абмежаваннямі эканамічнага характару. Гаворка ідзе пра працы, якія знаходзяцца ў апазіцыі Брадвею, пра некамерцыйны тэатр. У нас у ЗША мастакі змагаюцца, найперш, з камерцыялізацыяй нашага жыцця».

І хоць у Амерыцы джынсы даўно ўжо звыклы тавар, а «Ролінг Стоўнз» ператварыліся ў гандлёвы брэнд, Мікалай Халезін нагадвае, што шмат што залежыць ад эстэтычнага і палітычнага кантэкстаў. Вось як гэта гучыць са сцэны ў яго спектаклі:

«Палітыкі не ходзяць у джынсах. У джынсах ходзяць змагары за свабоду. Для касцюмаў – кабінеты, для джынсаў – барыкады. Дыктатары не любяць джынс. Яны любяць ваенныя фрэнчы і цёмныя касцюмы. Я ніколі не любіў касцюмы, таму маё месца на вуліцы, на барыкадах…»

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках