19 красавiка 2024, Пятніца, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенат ЗША падтрымаў экстраныя меры па пераадоленні фінансавага крызісу

Амерыканскі сенат ухваліў пакет экстраных мераў па пераадоленні фінансавага крызісу ў краіне. У яго падтрымку выказаліся 74 сенатары, супраць - 25.

У ліку тых, хто прагаласаваў за законапраект, абодва кандыдаты ў прэзідэнты ЗША - сенатары Джон Макейн і Барак Абама, а таксама кандыдат у віцэ-прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Джозаф Байдэн. Дзеля такой падзеі яны ненадоўга перапынілі свае выбарчыя кампаніі.

Ухвалены дакумент уяўляе з сябе мадыфікаваную версію законапраекта, які быў адхілены двума днямі раней Палатай прадстаўнікоў Кангрэса.

Новы варыянт уключае ў сябе шэраг новых прапановаў, у прыватнасці, падвышэнне планкі банкаўскіх ўкладаў, якія страхуюцца, са 100 тысячаў да 250 тысячаў даляраў. Заканадаўцы таксама ўвялі дадатковыя падатковыя паслабленні для бізнэсу і сярэдняга класа на агульную суму 110 млрд. даляраў.

Рашэнне правесці галасаванне ў Сенаце, дзе план адміністрацыі ЗША па выратаванні банкаўскага сектара першапачаткова карыстаўся большай падтрымкай, як відаць, меў на мэце аказаць дадатковы ціск на чальцоў ніжняй палаты Кангрэса.

Паўторны разгляд законапраекта ў Палаце прадстаўнікоў адбудзецца ў пятніцу, пра што раней паведаміў прэзідэнт Буш. У Белым доме разлічваюць на станоўчы вынік, які дазволіць супакоіць фінансавыя рынкі.

План, падрыхтаваны ў выніку кансультацыяў некалькіх апошніх дзён адміністрацыяй і чальцамі Кангрэса, прадугледжвае вылучэнне каля 700 млрд даляраў для выкупу інвестыцыйных аблігацыяў, якія страцілі ліквіднасць. Гэтая сума будзе падзеленая на тры часткі: стартавую ў памеры 250 млрд, дадатковыя 100 млрд, калі прэзідэнт вызначыць, што надзвычайная сітуацыя працягваецца, і астатнія 350 млрд даляраў у траўні 2009 года.

Апроч таго, распрацаваны план дазваляе Мінфіну прызначаць пры неабходнасці кіраўнікоў актывамі. Прадугледжваецца таксама стварэнне наглядальнага органа для кантролю за выкарыстаннем вылучаных сумаў.

Нарэшце, уводзяцца абмежаванні на выплату прэміяльных кіраўнікам прыватных банкаў і кампаніяў, якія будуць атрымліваць дзяржаўную дапамогу ў межах гэтай праграмы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках