Дзеля чыноўнікаў журналістаў прагналі з месцаў на хакейным матчы «Дынама» — «Ак Барс»
4- 29.10.2008, 9:49
Непрыгожы інцыдэнт папярэднічаў пачатку матча чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі «Дынама» (Менск) — «Ак Барс» (Казань) 28 кастрычніка ў сталічным Палацы спорту.
Былы дырэктар арэны Міхаіл Маеўскі прагнаў журналістаў з іх месцаў і пасадзіў групу асоб, сярод якіх быў заўважаныя былы спікер «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Канаплёў, паведамляе «Салідарнасць».
Спачатку ачысціць шэраг, размешчаны над ложай у цэнтры, ад прадстаўнікоў СМІ запатрабавала супрацоўніца палаца, якая заявіла, што квіткі на гэтыя месцы выкупленыя. Журналісты абурыліся, і ад іх адсталі. Але ненадоўга.
У бой уступіла цяжкая артылерыя — Маеўскі, а на дзве прыступкі ніжэй размясціўся амапавец. Славесная сварка, праўда, у рукапрыкладства не перарасла.
Прэс-сакратар "Дынама" Сяргей Новыш заявіў, што ў схеме трыбун, якая павінна знаходзіцца ў білетнай касе, 18 месцаў пазначаныя чырвоным колерам — на іх сядзяць журналісты. Адваротны бок парыраваў, што аб гэтым нічога не ведае.
"За квіткі на гэтыя месцы заплачаныя грошы", — безапеляцыйна заявіў Маеўскі. У гутарцы праскочыла, што квіткі набытыя людзьмі "з урада".
У выніку прадстаўнікі "Дынама", просячы прабачэння, пачалі ў спешным парадку перасаджваць прэсу. Хтосьці прастаяў увесь матч каля борціка. Частка рэпарцёраў апынулася ў ложы з мяккімі крэсламі. Але лепшыя месцы там былі даўно ўжо занятыя, а са свабодных пазіцый не было ніякага агляду: перашкаджаў блікаваўшы пластыкавы навес.
А на зачышчаныя ад прэсы пазіцыі паднялася група разнаполых людзей, сярод якіх было няцяжка пазнаць Уладзіміра Канаплёва. Да іх падсеў і Маеўскі.
Якая сувязь? Вельмі простая. Былы спікер «палаты» з'яўляецца старшынём Беларускай федэрацыі гандбола, а былы дырэктар Палаца спорту — ягоным намеснікам.
Пасля другога перыяду кампанія пакінула трыбуну, але на месцы, якія вызваліліся, журналісты прынцыпова вяртацца не захацелі. Па заканчэнні матчу Сяргей Новыш "ад імя кіраўніцтва Палаца спорту і клуба "Дынама" прынёс выбачэнні за перашкоды ў працы прэсы, запэўніўшы, што такое больш не паўторыцца. Аднак вечар застаўся безнадзейна сапсаваным. Менскае «Дынама», дарэчы, пацярпела пятую паразу запар на сваёй пляцоўцы, згуляўшы з лікам 3:8.