Аляксандр Мілінкевіч: Польшча можа быць прыкладам змагання за Свабоду
5- 13.11.2008, 13:24
У Польшчы прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя дзевяностагоддзю незалежнасці, на якія быў запрошаны лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
У імпрэзах да 90-х угодкаў адраджэння незалежнасці удзельнічалі кіраўнікі пятнаццаці краінаў. На святкаванні была таксама канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль.
На думку Аляксандра Мілінкевіча, гэта адзнака таго, што Польшча адыгрывае вялікую ролю ў сучаснай еўрапейскай палітыцы, у тым ліку ў рэалізацыі праграм партнёрства Еўразвяза на Ўсходзе, паведамляе сайт milinkevich.org.
– У прамовах прэзідэнта Польшчы, біскупа падчас імшы былі сказаныя вельмі важныя словы. Прамоўцы адзначалі, што палякі заслужылі сваю свабоду, бо стагоддзямі за яе змагаліся. Нягледзячы на больш чым стогадовы прыгнёт, шматлікія падзелы Рэчы Паспалітай, гэтая краіна і народ здолелі цаной вялікіх ахвяраў аднавіць сваю незалежнасць. Гэта вельмі важна – памятаць, што свабода сама сабой не прыходзіць. Тым больш у нас шмат агульнага з Польшчай: падобная гісторыя, супольныя героі, дзеячы культуры і паўстанні, – заўважае Аляксандр Мілінкевіч.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, Польшча можа быць для Беларусі прыкладам змагання за незалежнасць. Няма нічога больш каштоўнага чым воля і суверэнітэт. Падчас цырымоніі выступоўцы адзначалі, што інтэграцыя з Еўропай павінны быць максімальна глыбокай, але Польшча ў складзе Еўразвяза павінна заставацца Польшчай, захаваць сваю культуру, гісторыю, самабытнасць.
Адзначэнне вялікага для палякаў дня пачалося з урачыстай імшы ў касцёле Св. Крыжа, у якой прынялі ўдзел замежныя госці і кіраўнікі генералітэту. Пасля быў парад на плошчы імя Пілсудскага, ганаровы салют, выступ прэзідэнта і ўскладанне кветак да помніку невядомаму жаўнеру. Запрошаныя на свята кіраўнікі краінаў удзельнічалі ў адкрыцці мастацкай выставы. У гонар замежных гасцей прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі з жонкай далі абед у Каралеўскім замку і баль у Вялікім тэатры.