27 красавiка 2024, Субота, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандар Баразенка: «Суд яшчэ больш натхніў на на далейшую барацьбу»

4

Былы палітзьняволены Аляксандар Баразенка лічыць, што вінен быць апраўданым, бо прысуд яму быў палітычна матываваным.

Аб гэтым актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

- Найперш, дзякуй вялікі за тое, што пагадзіліся на гэтую размову, нягледзячы на вялікую стому. Выйшаўшы з суду, вы сказалі пра галоўнае жаданьне -- выспацца. Апошнімі днямі не выпадала паспаць?

- Так, не атрымоўвалася, бо былі вельмі вялікія эмоцыі. Было чаканьне прысуду, чаканьне суду ўвогуле, таму проста ня мог спаць.

- Якога прысуду вы чакалі?

- Па праўдзе, я чакаў прысуду больш жорсткага -- я разьлічваў, што будзе два гады, як і маім паплечнікам.

- У такім разе можна сказаць, што гэты прысуд – у нейкай ступені радасьць? Дарэчы, прысутныя на працэсе сустрэлі абвяшчэньне прысуду воплескамі. А як вы гэта ўспрынялі?

- Не, безумоўна гэта нельга разглядаць як нейкую радасьць, бо калі б прысуд быў справядлівы, то я быў бы апраўданы і ўвогуле не панёс бы ніякага пакараньня. Таму прысуд будзе абскарджаны. Я разглядаю прысуд як больш мяккі, але гэта не зьмяняе ягонай сутнасьці.

- Вас прызналі вінаватым па артыкуле, які прадугледжвае адказнасьць за арганізацыю і рыхтаваньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Ці былі на працэсе сьведкі, якія пацьвердзілі вашую віну ў арганізацыі такіх дзеяньняў?

- Не, ніводны з сьведкаў ня мог пазнаць мяне, ня мог адказаць на пытаньне, ці быў я ўвогуле ўдзельнікам гэтага мітынгу. Відэазапісы таксама не паказалі нічога проціпраўнага з майго боку, з боку маіх сяброў і тых людзей, якія былі на гэтым мітынгу ўвогуле.

- Ці маеце вы прэтэнзіі да судзьдзі і да таго, як вёўся разгляд вашай справы?

- Я маю прэтэнзіі толькі да беларускай судовай сыстэмы, якая не зьяўляецца незалежнай. Хто зьяўляецца судзьдзёй, у такім выпадку ўжо ня мае ніякага значэньня.

- Напярэдадні мы гутарылі з вашым паплечнікам, таксама фігурантам «справы 14-ці» Міхасём Пашкевічам. Як вам здаецца, гэта быў троху мякчэйшы працэс, працэс зь невядомым вынікам, ці ўсё тут было абсалютна прадвызначана?

- Мне здаецца, што вынік быў даўно вядомы. Проста больш мяккі прысуд можна растлумачыць тым, што вельмі шмат часу прайшло, і гэта б выглядала вельмі сьмешна, калі б яны спрабавалі знаходзіць доказы маёй віны. Мне здаецца, што атмасфэра не была больш лібэральнай, чым у мінулых працэсах. Напрыклад, у першы дзень судзьдзя і прадстаўнікі канвою пайшлі на правакацыю і запусьцілі поўную залю нейкіх невядомых студэнтаў і не жадалі нават пускаць маіх родных, ня кажучы ўжо пра прэсу і сяброў.

- Аляксандар, вы студэнт Уроцлаўкага ўнівэрсытэту. Што цяпер будзе з вашым навучаньнем там?

- Зараз я не магу адказаць на гэтае пытаньне. Але вышэйшую адукацыю я ў любым выпадку атрымаю. Дзе гэта адбудзецца -- у Беларусі, у Польшчы ці ў іншай краіне, я не магу зараз адказаць.

- Ці бачыце сябе ў палітычнай актыўнасьці?

- Так, безумоўна. Гэты суд яшчэ больш мяне натхніў на палітычную дзейнасьць, на далейшую барацьбу, і як мінімум год у мяне ёсьць, каб рэалізаваць сябе.

- Пакуль што рэалізаваць менавіта ў гэтай палітычнай актыўнасьці?

- Так, бо ніякіх умоў для вучобы ў мяне цяпер ня будзе з гэтым прысудам.

- Лідэр аб'яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка на мінулым тыдні сказаў, што акцыя прадпрымальнікаў, заплянаваная на 15-га сьнежня, пройдзе пад чыста эканамічнымі лёзунгамі. Ён папрасіў палітычныя сілы ня браць удзелу ў гэтай акцыі. Вам не шкада, што вы з Анатолем Шумчанкам былі сёлета ў студзені на той акцыі, якая цяпер для вас абарочваецца абмежаваньнем свабоды?

- Судзіць Анатоля я не магу, я ня той чалавек. Але ў той акцыі я быў ня разам з Анатолем, я ішоў туды не для яго, а для беларускага народу, ішоў за свае ідэалы, за свае прынцыпы. Таму яго заявы для мяне нічога ня значаць.

- Ці гатовыя вы пайсьці на новыя акцыі, каб адстойваць тыя перакананьні, якія вы адстойвалі на акцыі ў студзені?

- Безумоўна, я не зьбіраюся спыняцца і буду далей працаваць у гэтым кірунку, так скажам.

- Што зьбіраецеся рабіць у першыя дні пасьля вызваленьня, апрача таго, што натуральна трэба выспацца?

- Трэба сустрэцца зь вялікай колькасьцю людзей і проста падзякаваць ім за падтрымку, за тыя лісты, што даходзілі. Гэта было вельмі адчувальна. Сёньня я, калі выйшаў, быў «на эмоцыях», ня мог знайсьці словаў, таму ў наступныя дні хачу з кожным сустрэцца і асабіста падзякаваць. Ну і безумоўна пабыць зь сям'ёй.

Аляксандар Баразенка таксама заявіў у інтэрв’ю старонцы jeans-by.com, што акцыі салідарнасьці ля СІЗО і суда вельмі моцна падтрымлівалі яго і дапамаглі не зламацца:

- Як вам здаецца, ці паўплывала гэтак званая лібэралізацыя на ваш прысуд?

- Наўрад ці. Я лічу, што прысуд больш мяккі, чым у многіх іншых удзельнікаў «Працесу 14-ці», з-за таго, што справа была практычна закрытай, ніякай базы на мяне асабліва не было.

- Ці ведалі вы пра акцыі салідарнасьці, што адбываліся ля сьцен СІЗО штодня, як можаце іх пракаментаваць?

- Так, ведаў. Мне паведамілі супрацоўнікі ізалятару ўжо на самым пачатку, як іх ладзілі. Было вельмі прыемна і вельмі моцна падтрымлівала, дапамагала не зламацца. Таксама бачыў і чуў тых, хто падтрымліваў каля суда. Хачу сказаць вялікі дзякуй ім.

- Прайшоўшы праз усё гэтае, ці плянуеце вы заставацца ў палітыцы?

- Так, безумоўна. Калі б я гэтага не плянаваў, я бы, мабыць, ня змог вярнуцца ў Беларусь.

- Ну, у такім выпадку, як, пераможам?

- Абавязкова пераможам!

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1 году абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Прысуд вынесла суддзя Наталля Вайцяховіч. Палітвязень быў вызвалены ў залі суду.

Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка проста ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследвання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Паказальна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках