28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні прайшла акцыя салідарнасьці з палітвязьнем Баразенкам (Фота)

8 сьнежня на адной з цэнтральных плошчаў Вільні адбылася акцыя салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Баразенкам.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі «Маладога Фронту», БУНТу, «StudAlliance», а таксама іншыя моладзевыя актывісты.

Цягам гадзіны было раздадзена некалькі соцень улётак зь інфармацыяй пра суд над Аляксандрам Баразенкам у Менску, які ідзе ўжо другі дзень. На плошчы быў узьняты нацыянальны беларускі сьцяг, а ўдзельнікі акцыі стаялі з патрэтамі палітвязьня, паведамляе прэс-служба «Маладога Фронту».

«Акцыя прайшла пасьпяхова. Мароз ня ўтрымаў салідарных зь Беларусьсю людзей выйсьці на плошчу. Прыемна было глядзець, што грамадзяне Летувы пазытыўна ставіліся да гэтай акцыі. Падыходзілі й размаўлялі, выказвалі словы падтрымкі», - распавядае ўдзельнік пікета, афіцыйны прадстаўнік «Маладога Фронту» ў Летуве Кірыл Атаманчык.

«Хачу таксама дадаць, што ў тым выпадку, калі Аляксандр Баразенка застанецца за кратамі, такія акцыі будуць ладзіцца штотыдзень і ўжо не на вуліцах Вільні, а каля беларускага прадстаўніцтва ў Летуве», - зазначыў Кірыл Атаманчык.

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менска працягваецца судовае паседжаньне па справе Аляксандра Баразенкі, якое пачалося ўчора.

Перад будынкам суда цягам двух дзён моладзевыя актывісты праводзяць акцыі салідарнасьці з палітвязьнем.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка проста ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачаных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арк. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Паказальна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцыяў у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках