27 красавiка 2024, Субота, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Машэраў: народ памятае, улада забыла

32
Пётр Машэраў: народ памятае, улада забыла

13 лютага спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння выбітнага палітычнага дзеяча Беларусі Пятра Міронавіча Машэрава – старшыні ЦК Кампартыі БССР, трагічна загінуўшага ў аўтамабільнай катастрофе ў 1980 годзе.

Пётр Машэраў нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну быў камандзірам партызанскага атрада, камісарам партызанскай брыгады, сакратаром падпольнага абкама ЛКСМ Беларусі. З 1965 года – старшыня ЦК Кампартыі БССР.

Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 4 кастрычніка 1980 года. Смерць Машэрава дагэтуль выклікае шмат спрэчак, і няма ўпэўненасці ў тым, што гэтая аварыя была выпадковай.

Герой Савецкага Саюза Пётр Машэраў выгодна адрозніваўся ад астатніх сяброў Палітбюро таго перыяду. Сціплы і абаяльны, ён карыстаўся вялізнай павагай не толькі ў Беларусі. Хадзілі чуткі, што аўтарытэт Машэрава ў партыі і ў савецкім народзе раздражняў крамлёўскія групоўкі. Яны выступалі супраць перавода Машэрава ў Маскву з прызначэннем сябрам Палітбюро і старшынёй Савета міністраў СССР.

Яго дачка Наталля Машэрава дагэтуль не верыць у выпадковасць смерці бацькі: "Я чытала следчую справу, бачыла фатаграфіі. Нават для дылетанта былі зразумелыя нацяжкі і выдаткі... Хоць прамых доказаў у мяне няма. Я разумею, што бацька замінаў шмат каму. Менавіта тады, у кастрычніку 1980 года, узышла зорка Гарбачова. Калі б бацька застаўся ў жывых, гісторыя СССР разгортвалася бы па-іншаму".

У 1990-я гады адзін з цэнтральных праспектаў Менска быў названы імем Машэрава, аднак у 2005 годзе ўказам Аляксандра Лукашэнкі быў пераназваны ў праспект Пераможцаў. Дачка Пятра Машэрава Наталля выстаўляла сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года, аднак пасля знялася з выбараў.

"Я не ведала, што такое пахаванкі, і ніколі не думала, што праз 60 гадоў пасля вайны атрымаю пахаванку на бацьку", – так Наталля Машэрава пракаментавала пераназванне ў траўні 2005 года праспекта Машэрава ў Менску ў праспект Пераможцаў. Нібыта па шматлікіх просьбах ветэранаў. "Бацька гэтага не заслужыў, ён нічога не зрабіў, каб яго можна было выкінуць з часу, з гісторыі, з памяці", – заявіла дачка кіраўніка БССР.

Пераназванне беларускімі ўладамі галоўных праспектаў і вуліц Менска выклікала пратэст у беларускім грамадстве. У цэнтры Менска сталі праходзіць акцыі з патрабаваннем вярнуць сталічным праспектам імёны Францыска Скарыны і Пятра Машэрава. Пратэст выклікаў жорсткую рэакцыю менскага АМАПа. Людзей з партрэтамі знакамітых беларусаў бязлітасна выцяснялі з вуліц сталіцы. Характэрны адзін факт – пры разгоне акцыі беларускія амапаўцы рвалі на вачах ветэранаў партрэты Пятра Машэрава. Яшчэ зусім нядаўна Лукашэнка публічна захапляўся гэтым чалавекам і выхваляўся набліжанасцю да яго сям'і. Але пасля пазбавіў цэнтральны праспект яго імя, а супрацоўнікі яго міліцыі арыштоўвалі ветэранаў з партрэтамі Машэрава і дэманстратыўна рвалі яго партрэты…

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках