10 траўня 2024, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Андрэя Кіма: «Праз сына я далучылася да ўсяго добрага i сапраўднага»

4

Адных палiтзняволеных вызваляюць, але новыя трапляюць за краты. У лiку тых, вызвалення каго патрабуе беларуская i мiжнародная грамадскасць, — маладзежны актывiст Андрэй КІМ, абвiнавачаны ў нападзе на мiлiцыянера. Пра Андрэя, пра тое, што зараз адбываецца, расказвае “Народнай волі” яго мацi — Таццяна Андрэеўна.

Андрэй Кiм нарадзiўся ў Мiнску роўна за 2 месяцы да Чарнобыля — 26 лютага 1986 года. Яго мацi — караянка, бацька — беларус. Сям'я Кiмаў некаторы час жыла ва Узбекiстане. Андрэя назвалi ў гонар ягонага дзеда. Той працаваў на партыйнай рабоце ў Ташкенце i быў вельмi паважаным i аўтарытэтным чалавекам.

Калi Андрэю споўнiлася шэсць год, Таццяна Андрэеўна аддала сына вучыцца ў Беларускую нацыянальную гiмназiю №4 у Мiнску.

— Мне падабаецца беларуская мова, я хацела, каб сын добра яе ведаў, — гаворыць яна.

Адначасова Андрэй пачаў з сямi год займацца ў музычнай школе №17. Настаўнiца заўважыла яго здольнасцi i перавяла ў харавы клас. У Андрэя ў дзяцiнстве быў узнёслы анёльскi голас, як у сусветна вядомага iтальянскага спевака Раберцiна Ларэцi. Выдатны педагог, якi кiраваў хорам, выхоўваў у дзяцей не толькi музычны густ i вытанчаны спеў, а яшчэ i высокiя маральныя якасцi асобы. Амаль усе дзецi, якiя наведвалi хор, у рэшце рэшт прыйшлi да веры ў Бога i да царквы. Частка з iх стала ўдзельнiкамi "групы праслаўлення", якая ладзiла служэннi i канцэрты ў шпiталях, дамах iнвалiдаў, турмах. Разам з хорам i бацькамi яго выхаванцы ездзiлi ў дзiцячы шпiталь у Бараўляны, рыхтавалi канцэртную праграму, за свае грошы набывалi цукеркi i пачастункi маленькiм. Там яны бачылi, як хворыя дзеткi, з гладкiмi без валасоў галоўкамi пасля хiмiятэрапii, сядзяць, сцiскаючы ў кулачках цукеркi, слухаюць спевы i мараць пра лепшыя днi. Для бабуль i дзядуль у дамах iнвалiдаў юныя артысты сваiмi рукамi рабiлi падарункi, вышываючы i майструючы.

"Мы з сынам ездзiлi паўсюль з хорам. Андрэй спяваў па-руску, па-беларуску, па-iтальянску. Ён прачытаў шмат духоўных кнiг. "Малiцеся за мяне", — просiць Андрэй у лiстах з турмы.

"Я ўдзячна сыну, што ён такi. Праз яго я далучылася ў жыццi да ўсяго добрага i сапраўднага", — у сваю чаргу кажа Таццяна Андрэеўна.

"Калi сын стаў старэйшым, яго зацiкавiла грамадскае жыццё. Ён лiчыць, што хрысцiянiн не можа абмяжоўвацца малiтвай, а павiнен працягваць руку дапамогi, калi гэта патрэбна блiжняму. У школе Андрэй набываў разнастайныя веды, удзельнiчаў у клубе дэбатаў, быў капiтанам каманды iнтэлектуальнай гульнi "Што? Дзе? Калi?" — расказвае мацi Андрэя.

У год апошнiх прэзiдэнцкiх выбараў — у 2006-м — Андрэй Кiм вучыўся на гiстфаку. Але ўдзельнiчаў у выбарчай кампанii разам з усёй iнстытуцкай камандай эрудытаў. За ўдзел "у Плошчы" сяброў разам пасадзiлi на суткi, толькi ўсiм далi розныя тэрмiны. Тады Андрэй у першы раз атрымаў 12 сутак арышту на Акрэсцiна. Па беларускай традыцыi, пасля такога "парушэння дысцыплiны" вучыцца ў ВНУ стала немагчыма.

"Андрэй ашчаджаў мяне i не шмат казаў пра сваю дзейнасць, не хацеў, каб я не хвалявалася", — прызнаецца Таццяна Андрэеўна.

Андрэй Кiм некаторы час працаваў валанцёрам у ГА "Беларускi Хельсiнкскi камiтэт". Ён з групай моладзi быў незалежным назiральнiкам на акцыях i пры затрыманнях маладзёженых актывiстаў у РАУС. Жвавы, рухавы, ён быў у гушчы падзей. Улетку 2007-га ў яго была магчымасць паехаць вучыцца за мяжу па праграме К. Калiноўскага, але Андрэй вырашыў, што ў Беларусi ён больш патрэбны.

Андрэй Кiм быў затрыманы 21 студзеня 2008 года падчас мiтынгу прадпрымальнiкаў. Спачатку ён адсядзеў дзесяць сутак на Акрэсцiна, нiбыта за нецэнзурную лаянку. Але мiлiцыя вырашыла пайсцi далей. Як вынiк — крымiнальная справа па тым самым артыкуле, па якiм, дарэчы, у свой час судзiлi Кастуся Лукашова.

"Мы лiчым, што справа Андрэя Кiма цалкам палiтычная, гаворыцца ў заяве Грамадскай камiсii ў абарону Андрэя Кiма, — таму што:

— Андрэй невiнаваты ў тым, што яму iнкрымiнавалi.

— Сама магчымасць сутычкi памiж дэманстрантамi i мiлiцыяй была абумоўлена незаконнымi дзеяннямi мiлiцыянераў.

— Справа Андрэя Кiма кантралюецца асабiста пракурорам горада Мiнска.

— Гэты артыкул ужо выкарыстоўваўся супраць дэмакратычных актывiстаў (справы Радзiвiла, Лукашова i iншых).

— З адваката ўзялi падпiску аб неразгалошваннi матэрыялаў справы.

— Адбываецца маральны цiск на родных Андрэя.

"Мы добра ведаем Андрэя як шчырага хрысцiянiна, як чалавека, што прысвяцiў шмат часу кампанiям салiдарнасцi з палiтзняволенымi, — адзначаецца ў заяве Грамадскай камiсii ў абарону А.Кiма. — Але зараз трэба змагацца за ягоную свабоду. Таму мы заклiкаем беларускае грамадства i мiжнародную супольнасць падтрымаць грамадскую кампанiю "Свабоду Андрэю Кiму! Свабоду прадпрымальнiцтву!". Толькi неадкладнае вызваленне Андрэя Кiма i iншых палiтвязняў, спыненне ўсiх крымiнальных спраў, узбуджаных па палiтычных матывах, мусiць быць умовай перамоў з сённяшняй уладай Беларусi".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках