27 красавiка 2024, Субота, 1:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кэнэт Яловіц: «Беларусь сама адразае сябе ад астатняга свету»

3

Амбасадар ЗША у Беларусі з 1994 па 1997 гады, а цяпер прафесар Дартмуцкага каледжа, у інтэрв'ю "Голасу Амерыкі" заявіў, што ў цяперашняй эскалацыі напружанасці ў адносінах паміж ЗША і Беларуссю віна ляжыць выключна на беларускіх уладах.

- Я не гісторык, але лічу, што да цяперашніх падзей неабходны гістарычны падыход. Калі я быў амбасадарам у Беларусі ў 1994-1997 гадах, у амерыкана-беларускіх адносінах былі вельмі складаныя моманты. Усе яны былі звязаны, пераважна, з унутранай палітыкай Лукашэнкі, які практычна цалкам падмяў пад сябе парламент, паставіў крыж на свабодзе прэсы, радыё і тэлевяшчання; заторкнуў рот апазіцыі. Нас сур'ёзна непакоілі парушэнні права чалавека ў Беларусі.

У маю бытнасць амбасадарам у паветранай прасторы Беларусі быў збіты паветраны шар з вандроўцамі. Загінулі тры чалавекі. Незадоўга перад сканчэннем тэрміна майго знаходжання ў Менску беларускія ўлады спрабавалі выдаліць з краіны амерыканскіх дыпламатаў па надуманым абвінавачанні наконт апазіцыйнай дзейнасці. Гэта была настолькі сур'ёзная справа, што мяне выклікалі ў Вашынгтон для кансультацый на цэлы месяц. Пасля пачаліся звады з нагоды рэзідэнцыі амбасадара ЗША у Менску.

Тое, што адбываецца цяпер, гэта - наступствы прэзідэнцкіх выбараў, якія ніяк нельга назваць сумленнымі і адкрытымі. Былі выпадкі знікнення людзей. Ёсць падставы лічыць, што яны забітыя. Гэтыя факты, а таксама арышты і турэмнае зняволенне кандыдатаў апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года спрычыніліся да таго, што ЗША увялі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.

У нас гэта выклікае пачуццё шчырага шкадавання, бо Беларусь сама адразае сябе ад Еўропы і астатняга свету. Цяперашнія падзеі – гэта ганебна і нават трагічна. Бо ў нас засталося не так шмат магчымасцяў весці дыялог па дыпламатычных каналах. Патрабаванне, каб амбасадарка ЗША пакінула Беларусь, і выгнанне дзесяці амерыканскіх дыпламатаў - вялікая памылка ўрада Лукашэнкі. Менавіта на дыпламатаў ускладаюцца надзеі на працяг дыялогу, калі паміж краінамі існуюць сур'ёзныя рознагалоссі.

Зразумела, Злучаныя Штаты прымуць зваротныя крокі. ЗША - вялікая дзяржава. Я не сумняюся, што ўсім вядомы гістарычны прыклад, наколькі моцную рэакцыю ў свой час выклікала высыланне амерыканскіх дыпламатаў з Савецкага Саюза. Я спадзяюся, што ў асяроддзі прэзідэнта Лукашэнкі ёсць людзі, якія разумеюць важнасць захавання кантактаў з Захадам, з ЗША і Еўропай. Можа, у Менску прыслухаюцца да іх думкі. Тое, што цяпер робіць Лукашэнка, цалкам супярэчыць духу і патрабаванням часу, калі ў Еўропе сціраюцца межы і поўнай хадой ідуць працэсы інтэграцыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках