Расея размесціць ядзерны арсенал у цэнтры Еўропы?
7- 19.08.2008, 10:15
Расея ўпершыню пасля заканчэння халоднай войны разглядае магчымасць узброіць караблі і падводныя лодкі Балтыйскага флоту ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі. Аб гэтым паведамляе газета Sunday Times з спасылкай на высокапастаўленыя абарончыя крыніцы.
Галоўнай базай Балтыйскага флоту з'яўляецца Калінінград, расейскі анклаў, размешчаны ў межах Еўрапейскага звязу паміж Польшчай і Летувай. Па словах абарончай крыніцы ў Маскве, пасля развалу СССР флот пакутваў ад недахопу фінансавання, аднак зараз сытуацыя вінная змяніцца.
"ЗША плянуюць усталёўку сваіх сыстэмаў супрацьракетнай абароны ва Ўсходняй Еўропе, парушаючы балянс сілаў. Узброеныя сілы РФ маюць намер даць адэкватны адказ на дзеянні ЗША", – цытуе крыніцу Sunday Times.
Гэтая заява ўжо было асуджанай амбасадарам ЗША у НАТА Куртам Волкерам, які заявіў, што Расея спрабуе адрадзіць стары, неактуальны канфлікт, пагражаючы ядзернай зброяй.
Sunday Times зазначае, што інфармацыя аб намеры Расеі ўсталяваць ядзерны арсенал у сэрцы Еўропы паступіла ўсяго праз суткі пасля заявы Генштабу Ўзброеных сілаў РФ аб тым, што Польшча можа стаць мішэнню для ядзернага ўдару.
Выданне нагадвае таксама, што расейскія ўлады ў апошні час загаварылі аб аднаўленні вайсковай прысутнасці на Кубе.