Расея закрыла межы з Грузіяй і Азербайджанам
- 19.08.2008, 11:05
Прэм'ер-міністар РФ Уладзімір Пуцін падпісаў пастанову ўрада аб часавым закрыцці мяжы Расейскай Федэрацыі з Азербайджанам і Грузіяй для замежнікаў.
Вынятак складаюць грамадзяне краінаў СНД, паведамляе РИА "Новости" з спасылкай на "Российскую газету".
ФСБ Расеі ва ўзаемадзеянні з міністэрствам транспарту РФ, МУС РФ і Федэральнай мытнай службай "часова ажыццяўляць пропуск праз дзяржаўную мяжу Расейскай Федэрацыі з Азербайджанскай Рэспублікай і Грузіяй, за выняткам ейнага абхазкага ўчастку, грамадзянаў і транспартных сродкаў толькі дзяржаў-удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў, а таксама чыгуначнага рухомага складу Латвійскай Рэспублікі, Летувійскай Рэспублікі і Эстонскай Рэспублікі", гаворыцца ў пастанове ад 12 жніўня 2008 году № 592.
Пропуск замежных грамадзянаў абмежаваны ў рамках "мераў па прадухіленні пранікнення на тэрыторыю Расеі чальцоў замежных тэрарыстычных арганізацыяў, увозу зброі і сродкаў дыверсыі ва ўсталяваных пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу РФ у межах Паўночнакаўказкага раёну".
Як нагадвае The Moscow Post, пасля пачатку вайны паміж Расеяй і Грузіяй усё паведамленні, уключаючы паштовае, і без таго былі супыненымі.
Разам з тым, "усе рэйсы самалётаў, якія пралягалі праз тэрыторыю Грузіі, накіраваныя ў абыход", піша выданне з спасылкай на заяву намміністра транспарту Барыса Караля. Таксама на дадзены момант супынена паромное паведамленне паміж расеійскім портам Каўказ і грузінскім портам Поці.
Іншымі словамі, фактычна Расея знаходзіцца на аблогавым становішчы, цытуе газета словы расейскага намміністра транспарту.