19 красавiка 2024, Пятніца, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітыка ЗША у адносінах беларускага рэжыма не зменіцца

7

Падчас слуханняў у Кангрэсе ЗША было заяўлена, што адносіны паміж Беларуссю і Амерыкай зменяцца, калі беларускія ўлады на справе будуць дэманстраваць прыхільнасць дэмакратычным рэформам.

16 верасня ў Вашынгтоне адбыліся слуханні Камісіі Кангрэса па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Аўтарытэтныя эксперты прадставілі аналіз сітуацыі ў Беларусі ў перадпачатку запланаваных на 28 верасня «парламенцкіх выбараў».

Як паведамляе «Голас Амерыкі», сустаршыня камісіі сенатар-дэмакрат ад штата Мэрылэнд Бенджамін Кардзін, які адкрыў слуханні, падкрэсліў важнасць разгляданага пытання і адзначыў некаторыя пазітыўныя зрухі ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі - у прыватнасці, вызваленне з-пад варты трох апошніх міжнародна-прызнаных палітычных зняволеных, у тым ліку - Аляксандра Казуліна. З Кардзіным у прынцыпе пагадзіўся кангрэсмен са штата Нью-Джэрсі Крыстафер Сміт. Але ён адзначыў, што менш чым за два тыдні да «выбараў» назіраецца мала прыкмет таго, што яны будуць адпавядаць міжнародна-прызнаным стандартам. Больш за тое, як заявіў кангрэсмен Сміт, які доўгі час ўзначальваў Хельсінкскую камісію і асабіста добра ведае шматлікіх дзеячоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі, асаблівае абурэнне выклікае той факт, што, літаральна за некалькі гадзін да слуханняў, у Менску падчас правядзення мірнай акцыі пратэсту былі жорстка збітыя лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька і шэраг іншых палітычных актывістаў.

Першым перад удзельнікамі слуханняў выступіў намеснік Дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвід Крэймер. Да свайго апошняга прызначэння ён узначальваў аддзел Дзярждэпартамента, які курыруе адносіны з Беларуссю, у сілу чаго ягоны даклад быў канцэптуальным і аналітычным і выклікаў шматлікія пытанні кангрэсменаў. У прыватнасці, Дэвід Крэймер адзначыў, што сам факт слуханняў у Кангрэсе пасылае народу Беларусі сігнал аб тым, што сітуацыя ў іх краіне хвалюе як выканаўчую, так і заканадаўчую галіны ўлады ЗША.

«Нядаўняе вызваленне палітвязняў стварае перадумовы для актывізацыі двухбаковых адносін, аднак, пры ўмове, што ўрад Беларусі і далей будзе на справе дэманстраваць прыхільнасць дэмакратычным рэформам», - падкрэсліў амерыканскі дыпламат. Ён выказаў прынцыпы палітыкі Дзярждэпартамента ў адносінах Менска ў апошнія гады, асабліва падкрэсліўшы той момант, што ўсе прадпрынятыя крокі былі зробленыя ў цеснай каардынацыі з Еўрапейскім Звязам. Адказваючы на пытанне сенатара Кардзіна, што, у канчатковым выніку, заахвоціла беларускія ўлады змякчыць пазіцыю ў адносінах палітвязняў, Дэвід Крэймер сказаў, што можна казаць аб сукупнасці двух фактараў - паслядоўным ужыванні ЗША і ЕЗ візавых і эканамічных санкцый супраць Беларусі, і, магчыма, апошніх падзей у Грузіі. Намеснік Дзяржсакратара ЗША падкрэсліў, што маючыя адбыцца «выбары» працягваюць заставацца прынцыповым момантам для наступнага развіцця адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам. Ён звярнуў увагу на тое, што, па папярэдніх адзнаках місіі АБСЕ, у Беларусі дагэтуль не назіраецца прыкметнага прагрэсу ў рэалізацыі крытычных заўваг, выказаных раней. Заклапочанасць у ЗША выклікаюць такія факты, як адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковых выбарчых камісіях, а таксама вялікі адсотак адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам ад аб'яднаных дэмакратычных сіл.

Дэвід Крэймер асобна спыніўся яшчэ на адной праблеме. Арышт і прысуд да турэмнага зняволення на закрытым працэсе амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра сталі прадметам неаднаразовых дэмаршаў у адрас беларускіх улад з боку амбасады ЗША у Менску і Дзярждэпартамента. Асаблівы неспакой амерыканскіх улад выклікаюць абмежаванні, уведзеныя ў адносінах доступу сур'ёзна хворага Эмануіла Зэльцэра да неабходных яму лекам. Як заявіў Дэвід Крэймер, ЗША будуць настойваць на ягоным вызваленні з гуманітарных меркаванняў, тым больш што на днях у Нью-Ёрку сканала ягоная маці.

Напрыканцы свайго выступлення намеснік Дзяржсакратара ЗША заявіў: «На нашую палітыку ў адносінах Беларусі ніколі не ўплывалі адносіны Менска з Масквой, якімі бы цёплымі або прахалоднымі яны ні былі. Замест гэтага, нашая палітыка засноўвалася на тым, як улады Беларусі ставяцца да ўласнага народа. Мы ўжо прадэманстравалі сваю рашучасць прадпрымаць крокі супраць тых беларускіх чыноўнікаў, якія датычныя да парушэнняў правоў чалавека, прыгнечання дэмакратыі і карупцыі. Уведзеныя намі мэтавыя санкцыі не накіраваныя супраць народа Беларусі. Пасля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных мы прыступілі да рэвізіі гэтых санкцый, і прыпынілі дзеянне некаторых з іх. Мы ніколі не імкнуліся да змены ўлады ў Беларусі як такавой, а толькі да змены палітыкі рэжыму, таму мы спадзяемся, што апошнія пазітыўныя зрухі як раз і з'яўляюцца такімі зменамі» - заявіў Дэвід Крэймер.

Больш пэўны аналіз перадвыбарнай сітуацыі змяшчаўся ў дакладах дырэктара праграм Еўразіі Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (IRI) Стывена Нікса, ягонай калегі з Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута Лоры Джуіт, і дырэктара еўрапейскіх і еўразійскіх праграм Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Роджэра Патоцкага.

Стывен Нікс звярнуў увагу на шэраг сур'ёзных праблем, якія могуць паўплываць на ацэнку маючых адбыцца у Беларусі «выбараў». Сярод іх - поўны кантроль выканаўчай улады над выбарчымі камісіямі і СМІ, здыманне ўладамі непажаданых кандыдатаў апазіцыі на стадыі рэгістрацыі, абмежаванні на выбарчую кампанію і доступ кандыдатаў да выбаршчыкаў, сур'ёзныя абмежаванні на свабоду слова і сходаў, небяспека злоўжыванняў падчас папярэдняга галасавання і падліку галасоў. Па меркаванні Стывена Нікса, пакуль што ўлады робяць усё магчымае, каб ускладніць абранне кандыдатаў ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл. Лора Джуіт з Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута прывяла, сярод іншага, шэраг вельмі красамоўных лічбаў, якія сведчаць аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі. Хаця кандыдаты ад апазіцыі зарэгістраваныя ў 77 са 110 выбарчых акруг, усяго 36 з 1430 сябраў раённых выбаркамаў з'яўляюцца прадстаўнікамі апазіцыйных партый і рухаў. Ва ўчастковых выбарчых камісіях справы ідуць яшчэ горш - з 69 тысяч 865 сябраў камісій да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл можна аднесці толькі 41. Роджэр Патоцкі казаў аб тым, што ўлады зрабілі ўсё для таго, каб выбарчая кампанія прайшла як мага больш незаўважна для насельніцтва. Дзяржаўныя СМІ падкрэслена ігнаравалі апазіцыйных кандыдатаў, ільвіную долю часу надаючы асвятленню дзейнасці Лукашэнкі і Цэнтрвыбаркама. Нават той абмежаваны час, які прадастаўляўся кандыдатам для тэлезваротаў да выбаршчыкаў, прыйшоўся на перыяд з 5:30 да 6:30 вечара - гэта значыць тады, калі большасць людзей знаходзіцца ў шляху, вяртаючыся з працы.

Па меркаванні дырэктара праграм Нацыянальнага Фонду ў падтрымку дэмакратыі, рэжым робіць усё для таго, каб «ціхія выбары» у Беларусі былі прызнаныя на Захадзе. Аднак «гукі цішыні», сыходзячыя з Менска не дазваляюць спадзявацца, што гэтыя «выбары» будуць свабоднымі і справядлівымі.

Своеасаблівым вынікам слуханняў можна лічыць адказ на адно з пытанняў сустаршыні Хельсінкскай камісіі кангрэсмена-дэмакрата Элсі Хэйсцінгса, які даў намеснік Дзяржсакратара Дэвід Крэймер: «Незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады па выніках прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, палітыка новай адміністрацыі ў адносінах Беларусі наўрад ці зведае радыкальныя змены».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках