У апазіцыянераў арыштавалі грэцкую кашу (Фота, відэа)
22- 11.01.2009, 17:07
11 студзеня каля Камароўскага рынка ў Менску актывісты «Еўрапейскай Беларусі» разгарнулі плакат «У краіне крызіс! Раздача ежы» і прынеслі 25-літровы рондаль з грэцкай кашай.
Кашу раскладалі па пластыкавых талерках і раздавалі ўсім жадаючым. Людзям тлумачылі, што з-за непрадуманых дзеянняў уладаў у краіне не хапае прадуктаў харчавання, таму арганізоўваюцца падобныя "палявыя кухні".
Большасць мінакоў з ухваленнем паставіліся да акцыі, шмат хто частаваўся кашай, аднак паабедаць паспелі не ўсё. Раздачу ежы спынілі міліцыянты, якіх выклікаў ахоўнік рынка. Яны затрымалі траіх удзельнікаў акцыі: Паліну Кур'яновіч, Максіма Вінярскага і Алега Ладуцьку і даставілі іх у РУУС. Таксама забралі каля 15 літраў кашы. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што галодных у краіне шмат, і кашу скормяць салдатам унутраных войскаў, якія патрулююць раён. Апазіцыянераў вызвалілі праз дзве гадзіны пасля затрымання.



