Сідорскі едзе ў Маскву за коштам на расейскі газ?
13- 15.01.2009, 8:19
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі прыязжае ў Маскву, каб абмеркаваць пытанні паставак расейскага газу.
Аб гэтым паведамілі ў амбасадзе Беларусі ў Маскве. Паводле словаў аднаго з дыпламатаў, "прэм'ер-міністр прыязджае ў расейскую сталіцу, каб правесці перамовы адносна паставак расейскага газу". Як чакаецца, на перамовах будзе абмяркоўвацца і пытанне кошту на расейскі газ, перадае ПРАЙМ-ТАСС.
Па словах супрацоўніка беларускага дыппрадстаўніцтва, пазіцыя Менска на перамовах, якія маюць адбыцца, зводзіцца да таго, каб кошт на газ склаў 150 даляраў за тысячу кубаметраў ці крыху больш.
Аб умовах паставак расейскага газу ў Беларусь сёлета Дзмітры Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся яшчэ ў канцы снежня. У разгар расейска-украінскіх перамоваў 30 снежня прадстаўнікі "Белтрансгаза" прыязджалі ў "Газпрам", каб абмеркаваць усе канчатковыя ўмовы.
Аднак, ці быў падпісаны кантракт, засталося не зразумела. Кошт на газ для Беларусі на гэты год так і не быў агучаны.
1 студзеня 2009 года прадстаўнік «Газпрама» Сяргей Купрыянаў заявіў, што кошт газу для Беларусі ў першым квартале 2009 года сур'ёзна падвысіцца. У эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» Купрыянаў патлумачыў і тое, чаму «Газпрам» мае ў нашай краіне «цалкам зразумелы камерцыйны інтарэс».
«Што датычыць Беларусі, дык лічбы 119 на самой справе няма. Гэта лічба, якая была ў першым квартале мінулага 2008 года. Зараз мы займаемся ўзгадненнем карэктыровак у дзейсную дамову з Беларуссю, якая, як я ўжо казаў у вас у эфіры, забяспечыць тое, што кошт газу для Беларусі будзе ніжэй, чым меркавалася, але ў любым выпадку ў першым квартале ён будзе істотна вышэй, чым быў летась. Прычым істотна», -- сказаў Купрыянаў.
На пытанне, «а што такое «істотна»? 40 адсоткаў?», Купрыянаў адказаў: «Не магу пакуль сказаць».