Брат і сястра паскардзіліся ў пракуратуру, што іх катавалі міліцыянты
17- 30.10.2009, 12:37
Міліцыянты кажуць, што гэта паклёп. А пракурор — што па матэрыялах праверкі могуць распачаць крымінальную справу
Гісторыя пачалася 11 кастрычніка, калі брат і сястра Аўгусціновічы разам са сваёй сяброўкай вырашылі схадзіць адпачыць. Адпачынак атрымаўся кароткі, затое насычаны, кажа праваабаронца Уладзімір Малей. Менавіта ён пасля здарэння дапамагаў маладзёнам дабівацца праўды.
«Андрэй Аўгусціновіч, яго сястра Святлана і сяброўка сястры Кацярына 11 кастрычніка пайшлі адпачыць у бар гатэля «Інтурыст». Там ім не спадабалася, і яны сышлі. Пры выхадзе Андрэй убачыў, што ахоўнік гатэля спачатку штурхнуў Кацю, а потым ударыў яе па твары», -- распавядае праваабаронца «Еўрарадыё».
Хлопец выклікаў міліцыю і прапанаваў тым узяць відэаздымкі здарэння з камеры ў холе гатэля. Відэа ніхто браць не стаў. Замест гэтага брата і сястру Аўгусціновічаў адвезлі ў Ленінскі РАУС Берасця. Там нечакана яны сталі сведкамі сяброўскай гутаркі ахоўніка гатэля і міліцыянтаў. Тыя вырашылі замкнуць Андрэя на ноч у камеры, а дзяўчат адпусціць. Вось толькі сястра запатрабавала адпусціць брата. Таму ў камеру замкнулі і яе. Аўгусціновічам нічога не заставалася, як уголас пратэставаць.
«Тады Святлану вывелі з камеры, на рукі і ногі надзелі кайданкі, звязалі рукі з нагамі і паклалі на падлогу. Стаяла каля яе чалавек дзесяць. Абражалі ўсяляк. Андрэй пачаў стукаць па дзвярах камеры, крычаць, каб спынілі здзекавацца. Тады яе развязалі, а звязалі на «ластаўку» Андрэя і павесілі яго за кайданкі на дзверы камеры», -- гаворыць Уладзімір Малей.
Паводле праваабаронца, гэта паўтаралася некалькі разоў, а потым, пад пагрозай «ластаўкі» да раніцы, абодвух адправілі у камеры. Назаўтра на судзе даводзілі, што затрымалі Аўгусціновічаў за дробнае хуліганства. Суддзя адправіў неахайна зробленыя пратаколы на перапіску, а затрыманых — дахаты. Андрэй са Святланай звярнуліся да судмедэкспертаў, і тыя канстатавалі ў абодвух «лёгкія цялесныя пашкоджанні». Пасля маладыя людзі падалі скаргу ў пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу па факце катаванняў. Зараз пракурор Ленінскага раёну Берасця Аляксей Ярошык праводзіць праверку.
«Ёсць у мяне такая заява, праводжу праверку, але паколькі гэта ў стадыі праверкі, казаць пра штосьці — можа, гэта стане крымінальнай справай, і, адпаведна, следчай тамніцай. Тэрмін правядзення праверкі 10 сутак, а пасля ён можа працягвацца ў пракурора раёна да аднаго месяца. У дадзеным выпадку гэты месяц сканчваецца 15 лістапада ў мяне», - сказаў пракурор.
Матэрыялы справы ўжо больш за два тыдні знаходзяцца ў пракуратуры. За гэты час пракурор апытаў пацярпелых і міліцыянтаў Ленінскага РАУС Берасця. Але ў самім РАУС наконт праверкі і збіцця Аўгусціновічаў нібыта ніхто не ведае.
«Увогуле не чуў, нейкі паклёп, не ведаю, званіце ў пракуратуру», — сказаў «Еўрарадыё» дзяжурны міліцыянт берасцейскага РАУС.