Былога дырэктара гарналыжнага комплексу вызваляць, калі ён «пакрые страту»
4- 10.11.2009, 9:18
У судзе слухаецца крымінальная справа па абвінавачванні былога кіраўніка гарналыжнага комплексу ў Мазыры ў службовай халатнасці.
Яна выяўлялася ў неналежным выкананні службовай асобай сваіх абавязкаў, што пацягнула масавае траўміраванне грамадзянаў. Больш за 80 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, катаючыся на цюбінгах (надзіманыя падушкі для спуску са снежных схілаў) узімку 2007 года, паведамілі БелаПАН у судзе Мазырскага раёна.
У судзе адзначылі, што былы дырэктар прад'явіў пасведчанне пацярпелага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і папрасіў ужыць да яго закон аб амністыі. Адна з умоваў амністыі — прыняцце мераў да пакрыцця страты. Абвінавачваны папрасіў даць яму на гэта час. Тэрмін дадзены да 19 лістапада. Страта склала каля 20 млн. рублёў (лячэнне пацярпелых). Акрамя таго, пацярпелыя падавалі грамадзянскія пазовы на пакрыццё маральнай шкоды.
Паводле інфармацыі пракуратуры, гарналыжны комплекс быў здадзены ў эксплуатацыю ў снежні 2006 года, прыняты камісіяй, але атракцыён для катання на цюбінгах меў недаробкі, якія трэба было ліквідаваць да яго запуску. Магчыма, у сувязі з дэфектамі схілу для катання людзі і атрымалі траўмы. Сярод траўмаваных былі непаўнагадовыя, у тым ліку малалетнія. Пасля наведвання атракцыёну людзі траплялі ў шпіталь з ударамі, пераломамі канечнасцяў, траўмамі пазваночніка, кровазліццём, чэрапна-мазгавымі траўмамі. Масавы траўматызм быў зафіксаваны ў студзені—лютым 2007 года. У лютым 2007 года ў выходныя дні падчас святкавання Масленіцы ў мазырскі шпіталь з траўмамі было дастаўлена каля 50 чалавек, якія каталіся на цюбінгах.
Крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара гарналыжнага комплексу была ўзбуджаная ў чэрвені 2007 года, затым прыпыненая. Расследаванне было скончанае ў траўні 2009 года. Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы праца атракцыёну была спыненая. Пасля ліквідацыі непаладак у 2009 годзе на атракцыёне праводзілі выпрабавальныя спускі, траўмаў зафіксавана не было.