Выбарачнае правасуддзе
4- 18.11.2009, 12:59
18 лістапада суддзя Гомельскага абласнога суду Васіль Бягун адмяніў прысуд аб 700-тысячным штрафе кіраўніку Жлобінскай раённай арганізацыі ПКБ Валерыю Рыбчанку.
Як паведамляе «Радыё Свабода», адміністрацыйная справа супраць Валерыя Рыбчанкі накіраваная на новы разгляд у суд Чыгуначнага раёна Гомеля.
Нагадаем, што 19 кастрычніка Рыбчанка быў прысуджаны суддзём Чыгуначнага раёна Іллём Свірыдавым за намер удзельнічаць у акцыі памяці, прысвечанай 10-й гадавіне знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. Рыбчанка ішоў па вуліцы Палескай і фатаграфаваў, як АМАП хапаў дэмакратычных актывістаў, перашкаджаючы ім рухацца ў бок цэнтра горада. Гэта было грубае прэвентыўнае затрыманне.
Міліцыя абвінаваціла актывістаў, у тым ліку і Рыбчанку, у несанкцыянаваным шэсці. Нібыта яны ішлі калонай, трымаючы перад сабой партрэты Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Рыбчанка нават тэарэтычна не мог трымаць ніякіх партрэтаў, бо быў заняты фатаграфаваннем. Абласны суд угледзеў шэраг працэсуальных парушэнняў пры вынясенні прысуду Валерыю Рыбчанку.
Усяго за так званае несанкцыянаванае шэсце, якога на самой справе не было, суддзі Чыгуначнага раёна Віталь Козыраў, Ілля Свірыдаў і Яраслаў Парэмскі прысудзілі да штрафаў 15 актывістаў апазіцыю на агульную суму ў 16 мільёнаў 100 тысячаў рублёў.