Штампы аб шлюбе будуць ставіць і ў пашпартах расейцаў
4- 24.11.2009, 13:11
Беларусь і Расея атрымаюць права ставіць у пашпартах грамадзянаў абедзвюх краінаў адзнакі аб заключэнні і скасаванні шлюбу.
Камісія па міжнародных справах і сувязях з СНД «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі разгледзела праект аб ратыфікацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расеі аб узаемным унясенні адзнакаў аб заключэнні ці скасаванні шлюбу ў пашпартах грамадзянаў абедзвюх краінаў і будзе рэкамендаваць Палаце прадстаўнікоў яго прыняць, перадае «Интерфакс».
З дакладам па гэтым пытанні выступіў міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў.
«Гэтае першае пагадненне, якое мы заключаем па гэтым пытанні з якой-небудзь краінай. Пашпарт - уласнасць дзяржавы, і мы не маем права ставіць свае адзнакі ў пашпарты грамадзянаў іншых краінаў. Але, па гэтым пытанні ў нас атрымалася дамовіцца з Расеяй. У Расеі ў дадзены момант гэтае пагадненне таксама праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры», - сказаў В.Галаванаў.
Ён патлумачыў, што ў Беларусі рэгіструецца, прыкладна, 20% шлюбаў паміж беларускімі і расейскімі грамадзянамі.
«Раней у нас была такая сітуацыя, што, да прыкладу, мы ставім адзнаку аб шлюбе нявесце, а жаніх павінен паставіць гэтую адзнаку ў Расеі. Далёка не ўсе гэта робяць. Атрымліваецца, што ў яго «чысты» пашпарт, і ў Расеі нічога не сведчыць пра тое, што гэты чалавек жанаты. Цяпер гэтая сітуацыя зменіцца», - сказаў В.Галаванаў.
Ён таксама дадаў, што ў год у Беларусі заключаецца, прыкладна, 90 тыс. шлюбаў, кожны чацвёрты шлюб грамадзянін Беларусі заключае з замежнікам.
«Часцей беларусы жэняцца ці выходзяць замуж за расейцаў, на другім месцы - Украіна, далей - краіны Балтыі», - сказаў міністр юстыцыі. Ён таксама дадаў, што штогод у Беларусі скасоўваецца 36 тыс. шлюбаў.