Менгарсуд пацвердзіў прысуд за 100 нацыянальных сцягоў
4- 24.11.2009, 16:55
У Менскім гарадскім судзе разгледжаны скаргі актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» на рашэнні судоў першай інстанцыі.
Пастановы суда Першамайскага раёна Менска, згодна з якім актывісты Алег Ладуцька, Галіна Пярвушына і Наста Аскерка былі прысуджаныя да буйных штрафаў за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў, было абскарджана адвакатам актывістаў Паўлам Сапелкам, нагадвае сайт «Еўрапейская Беларусь».
Нягледзячы на грубыя парушэнні і супярэчанні ў сведчаннях супрацоўнікаў міліцыі суддзі Усік, Камароўская і Назаранка пакінулі прысуды без зменаў.
Нагадаем, што Алег Ладуцька, Галіна Пярвушына і Наста Аскерка былі затрыманыя 29 кастрычніка за вывешванне нацыянальных сцягоў на праспекце Незалежнасці. Супраць усіх маладзёнаў былі складзены пратаколы аб тым, што яны нібы нецэнзурна лаяліся на адрас супрацоўнікаў міліцыі. Ноч маладыя людзі правялі ў турме на Акрэсціна, а 30 кастрычніка суд Першамайскага раёна прысудзіў Пярвушыну і Аскерку да штрафаў у памеры 15 базавых велічынь (525 тысяч рублёў), а Алега Ладуцьку – да штрафу ў 30 базавых велічынь (1050.000 рублёў), бо, згодна сцвярджэнням супрацоўнікаў міліцыі, ён лаяўся «асабліва цынічна».
29 кастрычніка грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» правяла акцыю, падчас якой на праспекце Незалежнасці было вывешана сто нацыяльных сцягоў.
Так выглядаў праспект Незалежнасці ўвечары 29 кастрычніка:











Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Нiва"