Даехаць да Масквы стане даражэй
5- 30.11.2009, 14:27
Дзяржкампанія «Аўтадор» усталявала кошт для платных участкаў федэральнай трасы М1 «Беларусь» і іншых трас -- 1 расейскі рубель за 1 кіламетр.
Дзейнічаць гэты тарыф будзе, праўда, толькі на тых участках, што будуць рэканструяваныя хуткім часам, перадае «Ежедневник».
Так, паводле канцэпцыі развіцця на 2010-2015 гады, пра якую пішуць ««Ведомости», плануецца да 2016 года пабудаваць і рэканструяваць 235,1 км федэральнай трасы М1 «Беларусь», 122 км — М3 «Украіна», 671,9 км — М4 «Дон», 251 км — М10 Масква — Санкт-Пецярбург, 53,9 км ЦКАД Маскоўскай вобласці, 54 км магістралі Казань — Арэнбург — мяжа Казахстана. Гэтыя дарогі ў перспектыве прымуць на сябе 50% транспартнага патоку ўсіх федэральных магістраляў, лічыць дзяржкампанія.
Але наўзамен участкі гэтых дарог стануць платнымі. Грошы за праезд плануецца браць толькі там, дзе ёсць альтэрнатыўныя бясплатныя дарогі, адзначана ў праграме. Пры разліку тарыфаў абраны «сацыяльна-умераны» варыянт: 1 расейскі рубель за 1 км для легкавых аўтамабіляў. Штогод тарыф будзе індэксавацца з улікам інфляцыі і змены памеру ВУП. Да 2016 г. дзяржкампанія спадзяецца сабраць з аўтамабілістаў 62,8 млрд расейскіх рублёў «платы за праезд».
Платныя дарогі дазваляюць знізіць бюджэтныя выдаткі на будаўніцтва і рамонт, забяспечваюць «больш справядлівы фіскальны рэжым, ускладаючы дадатковыя выдаткі на прамых карыстальнікаў дарог», лічаць распрацоўшчыкі праграмы.