19 красавiка 2024, Пятніца, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Лукашэнка закруціць інтэрнэт-гайкі да Новага года

21

Беларускія ўлады спяшаюцца ўвесці цэнзуру ў інтэрнэце як мага раней перад выбарамі, якія маюць адбыцца.

Інтэрнэт-карыстальнікі Беларусі з трывогай чакаюць «падарунку» ад уладаў да Новага года. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, заканадаўца падрыхтаваў праект дакумента аб рэгуляванні віртуальнай прасторы, які павінен з дня на дзень уступіць у сілу, піша расейская «Независимая газета».

У той самай інтэрнэт-прасторы, якая пакуль не падкантрольная ўладам Беларусі, з'явіўся тэкст праекту дакумента, распрацаванага дзеля таго, каб «выкараніць анархію ў Інтэрнэце», як раней распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. Дакумент, які з'явіўся ў Сетцы, выклікаў адназначна негатыўную рэакцыю журналістаў, правайдэраў і проста карыстальнікаў. Праект прапаноўвае ўвесці рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ, ідэнтыфікацыю ўсіх карыстальнікаў, уключаючы наведнікаў інтэрнэт-кавярняў, а таксама даць заканадаўчы дазвол на блакаванне экстрэмісцкіх сайтаў «па просьбе грамадзянаў». Акрамя таго, дакумент прапаноўвае ўвесці адказнасць правайдэраў за змест інфармацыі, якая распаўсюджваецца карыстальнікамі. Апошняя акалічнасць выклікала непакой ў аператараў мабільнай сувязі: ці значыць гэта, што з-за экстрэмісцкіх заваяў, размешчаных праз тэлефонную сувязь, кампанія-аператар можа пазбавіцца ліцэнзіі?

Мясцовыя эксперты, абураючыся намерамі беларускіх уладаў, выказваюць меркаванне, што тэкст дакумента з'явіўся ў Сетцы не без удзелу ідэолагаў, якія наважыліся праверыць, ці «праглыне» горкую інтэрнэт-пілюлю не столькі мясцовая грамадскасць, колькі Еўропа, якая пільна сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі.

Пры найбліжэйшым знаёмстве з тэкстам высвятляецца, што пужае карыстальнікаў байнэту не столькі сам дакумент, колькі беларуская практыка ўжывання. Так, праект цалкам нявінна прапаноўвае правайдэрам збіраць і захоўваць ідэнтыфікацыйную інфармацыю пра карыстальнікаў, раскрываючы яе толькі «па запатрабаванні дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры, папярэдняга расследавання, падатковых органаў, судоў». Такая ж сітуацыя з нормай аб абмежаванні доступу да сайтаў. У дакуменце гаворка ідзе пра тое, што ўжывацца гэтая норма можа ў дачыненні да сайтаў, якія заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасці, якія распальваюць нацыянальную і рэлігійную варожасць, садзейнічаюць арганізацыі незаконнай міграцыі і гандлю людзьмі, распаўсюджваюць парнаграфічныя матэрыялы, якія прапагандуюць гвалт і жорсткасць і «іншыя дзеянні, забароненыя заканадаўствам».

У прававой дзяржаве супрацьдзеянне экстрэмізму наўрад ці выклікала б абурэнне. Аднак у Беларусі ўжо ёсць досвед ужывання падобных нормаў для барацьбы з іншадумствам – апазіцыяй і незалежнымі СМІ. Напрыклад, не так даўно апазіцыйная газета «Народная воля» атрымала папярэджанне Мінінфарма якраз за экстрэмізм. Такім быў прызнаны матэрыял, у якім ішла гаворка пра тое, што ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў выбараў народ можа выйсці на вуліцы.

Як раней пісала «Независимая газета», беларуская медыяпрастора практычна не змянілася з савецкіх часоў: усё тэлебачанне і большасць грамадска-палітычных газетаў належаць дзяржаве, пара-тройка прыватных СМІ не мае доступу да чытачоў і «варыцца ва ўласным саку». У той жа час у Глабальнай сетцы, куды сышлі шматлікія выданні, якія раней былі папяровымі, і дзе раз-пораз з'яўляюцца новыя рэсурсы, якія зусім не хваляць дзейсную ўладу, пануюць плюралізм і дэмакратыя. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі павялічваецца, і імкненне ўлады ўзяць гэты сегмент пад кантроль напярэдадні выбараў (пачатак 2011 года) выглядае цалкам лагічным. Нельга сказаць, што яно стала нечаканым. Новы закон аб СМІ, які ўступіў у сілу 8 лютага гэтага года, надзяліў урад правам рэгуляваць дзейнасць інтэрнэт-СМІ. Нядаўняе прызначэнне на пасаду кіраўніка Мінінфарма прэзідэнцкага ідэолага Алега Праляскоўскага – заўзятага прыхільніка дзяржаўнага ўмяшання ў Інтэрнэт, умацавала мясцовыя СМІ ў думцы, што інтэрнэт-гайкі хутка закруцяць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках