У Берасці ўзбуджаная крымінальная справа супраць расейскага бізнэсмэна
5- 4.12.2009, 9:13
Справа была ўзбуджаная па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі.
Як паведамілі «Ежедневнику» у пракуратуры Берасцейскай вобласці, дырэктар ТАА «Дунган» (г.Бранск) падазраецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.4 арт.209 КК РБ (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры), санкцыя якой – пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Справа была ўзбуджаная па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі. Паводле папярэдніх аператыўных дадзеных, дырэктар ТАА «Дунган» у снежні 2005 года атрымаў прадукцыі ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» на 3,2 млрд рублёў, загадзя не маючы намераў разлічвацца за яе.
Наколькі рэальнае абвінавачванне, высунутае супраць расейскага бізнэсмэна, пакажа расследаванне. На гэты момант вядома толькі, што фірма «Дунган» шмат гадоў займалася ў Бранскай вобласці аптовым гандлем прадуктамі харчавання, у тым ліку цукрам і мукой. У ліпені 2008 года прэтэнзіі да кампаніі прад'явіла Федэральная падатковая служба, пасля чаго справамі ТАА «Дунган» заняўся Арбітражны суд.
Як патлумачылі ў пракуратуры Берасцейскай вобласці, пасля ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да расейскага бізнэсмэна матэрыялы для далейшага расследавання былі перададзеныя ва УУС Берасцейскага аблвыканкама, якое ў цяперашні час рыхтуе запыты да расейскіх калегаў па пошуку дырэктара фірмы з мэтай прад'яўлення яму абвінавачванняў.