13 чэрвеня 2026, Субота, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь - сусветны падаткавы аўтсайдэр: Бухгалтараў больш, чым вайскоўцаў

46

Паводле дадзеных эканамічных экспертаў, «армія» бухгалтараў у краіне налічвае амаль 500 тысячаў чалавек.

У рэйтынгу Paying Taxes Беларусь заняла апошняе месца па паказчыку прастаты падаткаабкладання. Гэты рэйтынг - частка праекту Doing Bisiness Сусветнага банка, які дазваляе параўнаць заканадаўствы, звязаныя з рэгуляваннем бізнэсу і іх ужыванне ў 183 краінах. У рэйтынгу прастаты падаткаабкладання ўлічваліся, у прыватнасці, колькасць і перыядычнасць выплаты падаткаў, а таксама час, неабходны сярэдняму прадпрымальніку на афармленне адпаведных дакументаў, перадае «Нямецкая хваля».

Грувасткая і заблытаная сістэма

Каб расплаціцца з дзяржавай, сярэдні беларускі гаспадарнік вымушаны марнаваць 901 гадзінаў у год. Гэта амаль 40 адсоткаў працоўнага часу. Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае ў гэтай сувязі, што прынцыпы вядзення бухгалтарскага ўліку ў краіне «аднолькавыя і для велізарнага заводу, і для маленькай цырульні». Колькасць падаткаў і дакументаў, якія трэба адпаведна разлічыць і запоўніць, нават калі гаспадарчая дзейнасць была прыпыненая, - усё гэта, на думку эканаміста, робіць сістэму грувасткай і бязглуздай.

Складанасць і заблытанасць беларускага падатковага заканадаўства, кажа эксперт, прыводзіць да таго, што патлумачыць, як правільна разлічыць той ці іншы падатак, не ў стане нават інспектар, які курыруе прадпрымальніка. Законы змяняюцца занадта часта, і падаткі часам дублююць адзін аднаго. Разумным было б аб'яднаць іх у адзін плацёж, лічыць Заіка. Але ў выніку беларускі бізнэсмэн плаціць больш за сто разнавіднасцяў падаткаў у год.

На спатканне з падатковым інспектарам - раз у месяц!

Што да перыядычнасці выплаты падаткаў, дык лідэр Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін звяртае ўвагу на досвед суседняй Расеі. Там, паводле яго словаў, дробныя гаспадарнікі даюць справаздачу перад падаткавікамі раз у квартал, у развітых краінах перыядычнасць справаздачаў яшчэ радзей. Напрыклад, па падатку на прыбытак - раз у год.

Беларускія прадпрымальнікі абавязаныя мець стасункі з падатковымі інспектарамі дванаццаць разоў у год: кожны месяц пералічваць і кожны месяц даваць справаздачу па выплачаных сумах. Яшчэ адным цяжарам для бізнэсмэна з'яўляюцца рознага кшталту адлічэнні ў інавацыйныя і інвестыцыйныя фонды. На думку Балыкіна, гэтыя выплаты можна смела аднесці ў разрад падаткаў, бо яны з'яўляюцца абавязковымі і па іх усталяваныя канкрэтныя тэрміны выплаты.

Бухгалтараў больш, чым вайскоўцаў

Беларускія чыноўнікі не аднойчы абяцалі спрасціць сістэму збірання падаткаў. Але адбудзецца гэта няхутка, упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Паводле яго дадзеных, армія бухгалтараў у краіне налічвае амаль 500 тысячаў чалавек. Гэта ў шэсць разоў больш за колькасць ўзброеных сілаў Беларусі, кажа эканаміст. Нямала людзей працуе ў органах, якія правяраюць і кантралююць. Наўрад ці дзяржава пойдзе на тое, каб пакінуць іх усіх без працы, адзначае Заіка.

Бяспраўе шэраговага падаткаплацельшчыка

Старшыня аргкамітэту па стварэнні грамадскай арганізацыі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў кажа, што, калі перад падатковым інспектарам стаіць мэта - аштрафаваць прадпрымальніка, ён гэта абавязкова зробіць. А сумы штрафу ў краіне, часцяком шматкроць перавышаюць прыбыткі прадпрымальніка.

Гарбачоў прыводзіць у прыклад разгляд у Вярхоўным судзе пазову ў абарону прыватнай прадпрымальніцы з Оршы. Жанчыну аштрафавалі на 60 тысячаў даляраў за тое, што ў яе было знойдзена некалькі бляшанак кавы расейскай вытворчасці без беларускіх сертыфікатаў якасці. Вярхоўны суд, адзначае Віктар Гарбачоў, пакінуў прысуд без змены. А эканаміст і юрыст Сяргей Балыкін звяртае ўвагу на практычна неабмежаваныя правы падатковых органаў, якія і без рашэння суду могуць накладаць санкцыі і арыштоўваць рахункі.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках