Мастак Юры Мяккі не збіраецца пакідаць сваю майстэрню добраахвотна
7- 4.12.2009, 11:29
Жыхары вёскі Славені збіраюць подпісы пад калектыўным лістом, каб накіраваць яго ў раённую газету “Наша Талачыншчына”.
У лісце яны патрабуюць перагледзець рашэнне раённага аддзела культуры пра знос будынка, у якім знаходзіцца майстэрня мастака Юрыя Мяккага, і дзе вясковыя дзеці маюць мажлівасць навучацца жывапісу і разьбярству.
Пра тое, што будынак павінен пайсці пад знос, кіраўнік аддзела культуры Талачынскага райвыканкама Аляксандр Ражанскі заявіў неўзабаве пасля таго, як мастак Мяккі выказаў пратэст супраць высечкі парку ў Славенях. Ён намаляваў і выставіў у вокнах плакаты адпаведнага зместу, а таксама напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваннем пакараць тых, хто нішчыць рэдкія дрэвы без дазволу.
27 лістапада ў майстэрню да мастака прыйшлі міліцыянты і папярэдзілі, што даюць яму тыдзень на тое, каб вынесці рэчы ды мастацкія творы. Юры Мяккі не пагадзіўся: ён кажа, што праз знос будынка мясцовыя ўлады ня толькі пазбаўляюць яго майстэрні, але і адбіраюць мажлівасць ў вясковых дзяцей далучацца да мастацтва.
Хоць майстэрня належыць мясцовай школе, мастак займаецца з дзецьмі бясплатна. Каля трох дзясяткаў вяскоўцаў падпісаліся за тое, каб будынак ня зносіць. Юры Мяккі сцвярджае, што заўтра сканчаецца тыдзень, дадзены яму на высяленне, але добраахвотна будынак ён не пакіне — хіба што міліцыянты гвалтам выцягнуць адтуль яго самога і яго працы.
