Вязні турмы Гуантанама могуць пераехаць у Прыбалтыку
1- 3.02.2009, 9:10
Латвійскія ўлады разглядаюць магчымасць размяшчэння ў сваёй краіне зняволеных з турмы на амерыканскай ваеннай базе ў Гуантанама, якая закрываецца ў 2009 годзе.
Аб гэтым паведамляе DELFI са спасылкай на заяву кіраўніка прэс-цэнтра МЗС краіны Івара Ласіса.
Раней аб гатовасці прыняць зняволеных з Гуантанама на тэрыторыі краін Еўразвяза заяўляў эстонскі міністр замежных спраў Урмас Паэт.
Гаворка ідзе прыкладна аб 60 вязнях, абвінавачаных уладамі ЗША у тэрарызме, але чыя віна так і не была даказаная. На паседжанні кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ было прынятае рашэнне, што ў наступным пытаннем вязняў Гуантанама зоймецца Еўрапейская камісія, якая выпрацуе прынцыповыя пазіцыі, і на іх падставе кожная краіна прыме пэўныя рашэнні.
У Латвіі канчатковае рашэнне па вязнях Гуантанама не прынятае. "Гэтае пытанне патрабуе глыбокай ацэнкі. Рашэнне аб прыёме Латвіяй былых зняволеных турмы Гуантанама будзе палітычным, і да ягонага прыняцця трэба ацаніць усе юрыдычныя і практычныя аспекты гэтага пытання, а таксама нашыя тэхнічныя магчымасці", - заявіў Ласіс.
Нагадаем, што новы прэзідэнт ЗША Барак Хусейн Абама падпісаў указ аб закрыцці сумна вядомай турмы да канца 2009 года.